Не толькі Нацбанк. Узламаны рэспубліканскі партал электронных рахункаў-фактур

Паводле праўкраінскіх хакераў, у гэтыя дні адбываецца масавая атака на многія дзяржаўныя і прыватныя структуры Беларусі. Атака ўжо закранула Нацыянальны банк і Міністэрства па падатках і зборах.

15.11.2024 / 18:58

Фота: freepik.com

Праўкраінская хакерская групоўка DumpForums паведаміла аб узломе рэспубліканскага партала «Электронныя рахункі-фактуры» (ЭРФ), які дазваляе афармляць, апрацоўваць, захоўваць і адпраўляць рахункі-фактуры ўсім плацельшчыкам падатку на дабаўленую вартасць. Партал з'яўляецца афіцыйным рэсурсам Міністэрства па падатках і зборах Беларусі.

«Сёння мы атакавалі і цалкам знішчылі інфраструктуру ЭРФ Беларусі. Наша каманда правяла аперацыю па выдаленні крытычных даных, выгрузцы баз даных грамадзян, знішчэнні вэб-сайтаў і каля 300 віртуальных машын з унутранай сеткі партала, што пацягнула за сабой поўнае, хоць і часовае, парушэнне функцыянавання дзяржаўнага сэрвісу.

Мы ўзламалі многія буйныя і сярэднія кампаніі, а таксама дзяржаўныя органы Беларусі. Гэтай акцыяй мы толькі нагадваем, што кожны, хто падтрымлівае агрэсію супраць Украіны, не зможа застацца беспакараным», — напісала групоўка DumpForums 10 лістапада.

У той жа дзень Міністэрства па падатках і зборах паведаміла аб пачатку правядзення «рэгламентных работ» на партале ЭРФ, падчас якіх рэсурс будзе недаступны. Тэрмін гэтых «работ», паводле міністэрства, скончыўся яшчэ 13 лістапада.

Як паведамілі спецыялісты па кібербяспецы з расійскага сэрвісу Data Leakage & Breach Intelligence (DLBI), праўкраінскія хакеры з DumpForums ужо выклалі на сваім закрытым форуме некалькі файлаў з унутраных баз даных партала ЭРФ, якія ўтрымліваюць каля 125 тысяч унікальных запісаў з поўнымі імёнамі карыстальнікаў, іх пасадамі, назвамі арганізацый, хэшаванымі паролямі разам з амаль 10 тысячамі сапраўдных тэлефонных нумароў.

Тая ж групоўка ўчора паведаміла аб маштабным узломе ўнутранай сеткі Нацыянальнага банка Беларусі, дзякуючы якому хакеры атрымалі дзясяткі тысяч нумароў тэлефонаў, электронных пошт, адрасоў і поўных імёнаў карыстальнікаў разам з іншым масівам тэхнічнай і сакрэтнай інфармацыі банка.

У Бабруйску хакер заблакаваў бухгалтэрыю дзяржарганізацыі і запатрабаваў выкуп

Стала вядома, як павялічыцца падатак на нерухомасць для фізічных асоб

Як падаткавікі выяўляюць тых, хто жыве не па сродках? Расказвае супрацоўнік інспекцыі

Nashaniva.com