У Санкт-Пецярбургу ваенкам з жонкай адпраўлялі на фронт «мёртвыя душы», а грошы пакідалі сабе
Мужа і жонку, якія працавалі ў адным з ваенкаматаў, затрымалі.
15.11.2024 / 15:54
Ілюстрацыйнае фота AP
У Санкт-Пецярбургу 51-гадовы памочнік ваенкама і яго жонка затрыманыя за заключэнне фіктыўных кантрактаў з Мінабароны Расіі.
Па версіі следства, у 2023 годзе пара фіктыўна ўладкоўвала людзей у энергазбытавую кампанію праз супрацоўніцу аддзела кадраў.
Ад імя гэтых фіктыўных супрацоўнікаў заключаліся кантракты з Мінабароны для ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Работнікі ваенкамата атрымлівалі выплаты — 50 тысяч расійскіх рублёў (500 даляраў) штомесяц і аднаразовую выплату ў 500 тысяч (5000 даляраў).
Паліцыя пакуль устанавіла толькі двух фіктыўна працаўладкаваных грамадзян.
«Аднак у аператыўнікаў ёсць падставы меркаваць, што колькасць працаўладкаваных такім чынам грамадзян можа быць большай», — заявілі ў МУС.
Супраць затрыманых супрацоўнікаў ваенкамата распачалі крымінальную справу аб махлярстве.