У Беларусі могуць зрабіць бясплатнай і другую спробу ЭКА

З прапановай дазволіць бясплатную другую спробу ЭКА ў выпадку няўдачы з першай выступіла Міністэрства аховы здароўя.

15.11.2024 / 15:29

Фота: UniversalImagesGroup / Getty Images

Аб новай ініцыятыве расказаў міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў.

«Міністэрства аховы здароўя плануе вынесці ініцыятыву аб разглядзе магчымасці ўвядзення нормы пра правядзенне двух спроб ЭКА ў выпадку, калі першая спроба аказалася безвыніковай. І даць, так сказаць, жанчыне другі шанец стаць маці», — заявіў Хаджаеў.

Цяпер для сямейных пар, дзе муж і жонка з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі і ўзрост жонкі не перавышае 40 гадоў, адна спроба ЭКА ў дзяржаўных клініках прадастаўляецца бясплатна.

Па словах Хаджаева, за тры гады з бюджэту на гэтую паслугу было выдаткавана 17 млн рублёў, піша БелТА.

У Беларусі таксама вядзецца банк донарскіх палавых клетак, што дазваляе многім парам, якія сутыкаюцца з праблемамі бесплоддзя, атрымаць магчымасць стаць бацькамі.

Таксама пацыенты, якія праходзяць не першае ЭКА, могуць атрымаць льготны крэдыт.

Летам Мінздрав абмежаваў доступ да працэдуры ЭКА для некалькіх катэгорый жанчын. Сярод супрацьпаказанняў да правядзення штучнага апладнення з'явіліся атлусценне другой ступені і больш, а таксама наяўнасць трансплантаваных органаў і тканак. Акрамя таго, ЭКА не будзе праводзіцца ВІЧ-інфікаванай жанчыне.

Таксама для пар, якія жадаюць зрабіць ЭКА, уводзіцца абавязковая кансультацыя ў псіхіятра-нарколага.

Nashaniva.com