Пратэстоўцы ў Абхазіі паспрабавалі ўзяць штурмам будынак парламента

Раней там адклалі разгляд інвестыцыйнага пагаднення з Масквой

15.11.2024 / 12:59

Парламент самаабвешчанай Абхазіі не зацвердзіў Парадак дня пасяджэння і скасаваў сесію, паведамляе «Новая газета. Еўропа».

Абхазскія ўлады мелі намер разгледзець на ёй праект інвестыцыйнага пагаднення паміж Сухумі і Масквой, які выклікаў пратэсты. На фоне скасаванага пасяджэння апазіцыянеры паспрабавалі прарвацца ў будынак парламента, але былі спыненыя сілавікамі.

Да будынка прыгналі машыну пажарных. Адзін з лідараў пратэстоўцаў Адгур Ардзінба звярнуўся да ўладаў з заклікам «адкласці ўсе вострыя пытанні да будучых прэзідэнцкіх выбараў».

«Калі ўлада не пойдзе на гэта, уся адказнасць за магчымыя наступствы ў найбліжэйшыя дні цалкам кладзецца на прэзідэнта Абхазіі Аслана Бжанія і ягонае атачэнне», — напісаў ён

Абхазскія ўлады разглядаюць інвестыцыйнае пагадненне паміж Сухумі і Масквой як стымул для эканомікі, праціўнікі дакумента лічаць дагавор «прамой здачай інтарэсаў» Абхазіі.

Nashaniva.com