«Дзімка? Дык які ён шпіён? Гэта проста смешна». Знаёмыя памерлага ў калоніі Дзмітрыя Шлетгаўэра расказалі пра яго і яго сям'ю

1 лістапада стала вядома, што ў калоніі ў Магілёве памёр 22-гадовы ўраджэнец Алтая Дзмітрый Шлетгаўэр. Улетку яго асудзілі на 12 гадоў па артыкулах аб шпіянажы і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. «Сібір.Рэаліі» паразмаўлялі з роднымі і знаёмымі памерлага.

15.11.2024 / 10:45

Дзмітрый Шлетгаўэр і яго жонка

— Дзіму я не памятаю. Бацьку яго — Сярогу, так! Той заўсёды шукаў лёгкія грошы. Але калі пра хлопца нічога не памятаем, значыць, ён не быў кепскім! Значыць, яго падставілі, — кажа адзін з мясцовых жыхароў, Андрэй Вагнер (імя зменена).

— Дзіма — шпіён? Дык, ну! Літаратуру, пэўна, нейкую знайшлі і ўсё такое, — дадае пенсіянерка Эма Гартліб. — Іру (маці Дзмітрыя) шкада. Як такое перажыць?

— Іра ўсё жыццё ў адукацыі прапрацавала. Не магла яна выхаваць здрадніка. Я яе добра памятаю. Калі яна яшчэ ў садку ў нас загадчыцай працавала. Дзеці заўсёды да яе цягнуліся, — дадае яшчэ адна мясцовая жыхарка.

Дзмітрый Шлетгаўэр разам з бацькамі Сяргеем і Ірынай, старэйшай сястрой Веранікай і братам Валерый да 2011 года жылі ў Пратасаве Нямецкага нацыянальнага раёна Алтайскага краю.

Некалькі гадоў таму Шлетгаўэры пераехалі, але не на гістарычную радзіму ў Германію, а ў Беларусь, вырашыўшы, што беларускі клімат ім пасуе больш. У 2018 годзе Дзмітрый атрымаў беларускі ДНЖ, працаваў у Камянцы на прадпрыемстве па вытворчасці палімернай прадукцыі і ўпакоўкі.

23 лістапада мінулага года Дзмітрыя і яго брата Валерыя затрымалі. Паводле слоў родных, у той дзень Дзмітрый адвёз сваю цяжарную жонку ў бальніцу і перастаў выходзіць на сувязь. Толькі праз некалькі дзён родныя даведалася, што яго адправілі ў СІЗА. А Валерыя экстрадавалі ў Расію.

— Гэта была добраахвотная дэпартацыя. Думаю, ён не хацеў, каб яго ўзгадвалі, — распавяла «Сібір.Рэаліі» сваячка братоў Ганна.

— Не валодаю ніякай інфармацыяй пра яго зараз, — кажа знаёмая Валерыя Ксенія. Паводле яе слоў, браты не ўдзельнічалі ў беларускіх масавых пратэстах у 2020-2021 гадах, не пісалі ніякіх пастоў.

Дзмітрыя абвінавацілі ў садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці і шпіянажы. Родныя і знаёмыя былі ў шоку.

— Які ён шпіён? Гэта проста смешна! Я столькі ўсё пра Дзіму прачытала, чаго толькі не пішуць. Дзмітрый быў выдатным чалавекам: добрым і сумленным. Заўсёды дапамагаў людзям, аддаваў апошняе. Для многіх быў прыкладам для пераймання. У асноўным, час ён праводзіў дома з жонкай. Ён быў не асабліва сацыяльным чалавекам, — распавядае сваячка Ганна.

Бацькі братоў перасталі выходзіць у сацыяльныя сеткі, на пытанні журналістаў не адказваюць.

Паводле думкі блізкіх, экстрэмізм Дзмітрыю, верагодна, прыпісалі з-за татуіроўкі чорнага сонца, якую ён набіў летам 2020 года, але пазней закрасіў (гэты сімвал выкарыстоўваўся ў нацысцкай Германіі і ў Беларусі прызнаны нацысцкім).

— Ён набіў сабе цэлы рукаў у скандынаўскім стылі, відаць, гэта было часткай эскізу, — дадала суразмоўца.

У верасні яго перавялі з СІЗА Брэста ў ПК-15 у Магілёве. А 11 кастрычніка яго знайшлі мёртвым. Кіраўніцтва калоніі не паведаміла родным Дзмітрыя, што менавіта з ім адбылося. Паводле слоў знаёмага сям'і, у сведчанні аб смерці ўказана прычына — «механічная асфіксія». Часта такі запіс робяць пры самагубствах.

Сям'я, паводле слоў знаёмых, не выключае, што яго маглі забіць. Жонка Дзмітрыя наведвала яго ў СІЗА № 7 Брэста да і пасля суда. Родныя не адварочваліся ад яго, пісалі лісты, адпраўлялі перадачы.

— Блізкія ўпэўненыя, што ён не мог гэта зрабіць. І са здароўем у яго ўсё было ў парадку. Да таго ж нядаўна ў яго нарадзіўся сын, — расказала сваячка Дзмітрыя Ганна. — Сям'я цяжка перажывае гора. Асабліва бацькі. Яго жонцы дапамагае справіцца маленькі сын.

Nashaniva.com