Самы вялікі карал у свеце знайшлі каля Саламонавых выспаў
Ён памерам з сіняга кіта — самай вялікай сучаснай жывёлы.
15.11.2024 / 09:18
Гіганцкі карал дасягае 34 метры ў шырыню, яго дыяметр складае 32 метры, а вышыня — 5,5 метра. Па меркаваннях навукоўцаў, узрост карала можа перавышаць 300 гадоў, піша Бі-бі-сі.
Даследчыкі кажуць, што карал выглядае здаровым і літаральна стаў для іх «маяком надзеі», бо стан многіх буйных каралаў, якія знаходзяцца побач, пакідае жадаць лепшага з-за змены клімату і павышэння тэмпературы вод Сусветнага акіяна.
Карал знайшоў аператар, які працаваў на судне National Geographic падчас экспедыцыі, прысвечанай вывучэнню ўплыву глабальнага пацяплення на Ціхі акіян.
«Я плыў пад вадой у тым месцы, дзе на карце былі паказаны астанкі карабля, і тут заўважыў нешта», — распавядае Ману Сан Фелікс.
Аператар паклікаў свайго напарніка, якім быў яго сын Ініга, і яны паплылі ў бок невядомага аб'екта.
Убачыць такі карал — гэта амаль тое ж самае, як нечакана ўбачыць вялізны сабор пад вадой, кажа Ману Сан Фелікс.
Даследчык з каманды National Geographic Энрык Сала ў інтэрв'ю ABC News параўнаў знаходку з адкрыццём «найвышэйшага дрэва ў свеце».
«Калі мы ўжо можам абследаваць кожны сантыметр зямлі з дапамогай спадарожнікаў і дронаў, воды акіяна працягваюць хаваць ад нашых вачэй такія таямніцы, як гэта», — кажа Энрык Сала. Як падкрэслівае навуковец, адкрыццё такога карала мае вялікае навуковае значэнне.
Да гэтай знаходкі самым вялікім каралам у свеце лічылася асобна растучая масіўная калонія Нацыянальнага марскога запаведніка Амерыканскага Самоа, якая атрымала імя Big Momma (Вялікая Мама). У шырыню Big Momma дасягае 22,2 м, у вышыню — 6 м, а акружнасць складае 41 м. Узрост гэтага карала, па ацэнках навукоўцаў, перавышае 500 гадоў.
Вядучы спецыяліст каманды праекта National Geographic «Pristine Seas» («Запаведныя моры») Молі Тымерс у інтэрв'ю ABC News параўноўвае форму Big Momma і новага карала.
«Там, дзе Big Momma нагадвае вялізны шарык марожанага, якое ўпала на рыф, новы карал больш нагадвае марожанае, якое растае і расплываецца па дне», — распавядае Молі Тыммерс.
Толькі што адкрыты карал мае хвалістую форму, яго асноўны колер карычневы з урэзкамі ярка-жоўтага, сіняга і чырвонага колераў.
Каралы па ўсім свеце, асабліва на мелкаводдзях, знаходзяцца пад пагрозай знішчэння з-за глабальнага пацяплення. Згодна з дадзенымі Міжнароднага саюза аховы прыроды, 44% каралаў, якія жывуць у больш цёплых водах акіяна, знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
Каралы, зрастаючыся, утвараюць вялікія рыфы, у якіх хаваюцца маленькія рыбы і іншыя марскія істоты.
Па даных Сусветнага эканамічнага форума, каралавыя рыфы таксама забяспечваюць заробак для мільярда людзей — перш за ўсё рыбакоў і работнікаў турыстычнай індустрыі.
На вялікай глыбіні і далёка ад пояса тайфунаў
Гэты гіганцкі карал знаходзіцца на большай глыбіні, чым многія каралавыя рыфы, што, магчыма, тлумачыць яго добры стан і тое, што ён пакуль не пацярпеў ад павышэння тэмпературы вады Сусветнага акіяна.
Пітэр Мамбі з Універсітэта Квінсленда ў інтэрв'ю ABC News кажа, што карал выратаваўся дзякуючы сваю становішчу — ён знаходзіцца далёка ад паўночна-заходняй часткі Ціхага акіяна, дзе часта ўзнікаюць тайфуны і ўраганы.
«Я магу дапусціць, што гэты карал існаваў і працягвае існаваць у вельмі спрыяльным асяроддзі, ухіляючыся ад буйных пашкоджанняў. У акіяне побач з Саламонавымі выспамі амаль не бывае моцных штормаў», — кажа ён.
Пра знаходку стала вядома падчас кліматычнага саміту ў Баку COP29.
Улады Саламонавых выспаў заявілі, што яны зацікаўлены ў забеспячэнні дабрабыту гэтага карала. У Міністэрстве рыбалоўства і марскіх рэсурсаў Саламонавых астравоў знаходку назвалі «манументальнай».
Карал адносіцца да віду Pavona clavus і служыць месцам пражывання для крэветак, крабаў, рыбаў і іншых марскіх істот.
Адам Сміт з аўстралійскага Універсітэта Джэймса Кука, які не ўдзельнічаў у экспедыцыі, адзначае, што каралы Pavona clavus з'яўляюцца «гігантамі» сучаснага сусветнага акіяна і могуць існаваць сотні гадоў.
«Гэта як Сіднэйскі Харбор-Брыдж ці Сіднэйскі оперны тэатр для горада [Сіднэя]. Карал для марскіх жыхароў побач з Саламонаымі выспамі з'яўляецца такім жа важным арыенцірам», — кажа Адам Сміт.