Трэнеру брэсцкага «Дынама» стала кепска пасля перамогі над БАТЭ — яму зрабілі тэрміновую аперацыю на сэрцы
Сяргей Кавальчук адчуў сябе няважна пасля перамогі ў матчы чэмпіянату Беларусі. Цяпер яму трэба будзе доўгае аднаўленне.
14.11.2024 / 21:39
Сяргей Кавальчук. Фота: «Дынама» Брэст
Выконваючы абавязкі галоўнага трэнера брэсцкага «Дынама» Сяргей Кавальчук трапіў у бальніцу пасля перамогі над БАТЭ ў чэмпіянаце Беларусі.
Гульня прайшла 9 лістапада і завяршылася з лікам 2:0 на карысць брэстаўчан. Па даных Football.by, неўзабаве пасля матча Кавальчуку стала дрэнна. Яго шпіталізавалі ў рэанімацыю і правялі аперацыю на сэрцы.
Як піша журналіст Мікалай Хадасевіч, у Кавальчука здарыўся інфаркт. Пры гэтым дыягназ пакуль не пацверджаны. Вядома, што трэнер ужо меў адзін інфаркт некалькі гадоў таму.
Цяпер Кавальчуку трэба правесці некалькі месяцаў у бальніцы, яго чакае доўгае аднаўленне.
Сяргей Кавальчук — знакавая асоба для брэсцкага «Дынама». Ён выступаў за каманду ў якасці футбаліста, потым застаўся ў структуры трэнерам. Упершыню Кавальчук узначаліў «Дынама» ў 2004 годзе, з таго часу ён сыходзіў і вяртаўся на пасаду пяць разоў. Кавальчука клікалі ў каманду ў самыя крызісныя моманты пасля трэнерскіх адставак, і яго сталі называць ці не галоўным выратавальнікам у чэмпіянаце Беларусі.
Кавальчук перажыў з Брэстам розныя часы. Былі і галодныя: спачатку ў клубе настолькі не было грошай, што трэнер не мог сабе дазволіць нават новыя джынсы, а з ежай дапамагала цешча.
У канцы 2010-х клуб перайшоў пад кантроль блізкага да Лукашэнкі бізнэсоўца Аляксандра Зайцава, грошай раптоўна стала шмат. Кавальчук тады быў прызначаны спартыўным дырэктарам, і пры ім брэсцкае «Дынама» заваявала ў сезоне-2019 сваё адзінае чэмпіёнства. На святочную вечарынку да каманды тады прыехаў асабіста Віктар Лукашэнка.
У 2021-м Зайцаў пакінуў клуб, той ізноў перайшоў на баланс аблвыканкама. Пасля гэтага Кавальчук папрацаваў трэнерам у дублі, потым сышоў. Каб ізноў, ужо шосты раз, вярнуцца на масток у кастрычніку 2024-га — пасля чарговай трэнерскай адстаўкі.
Брэсцкае «Дынама» за два туры да канца чэмпіянату Беларусі ідзе на чацвёртым месцы. Падняцца вышэй яно ўжо дакладна не зможа.