У Расіі мужчына, які выдаваў сябе за ўдзельніка «СВА» і спрабаваў утапіць дзяўчыну праз сінія валасы, пайшоў з турмы на вайну і загінуў

На вайне ва Украіне загінуў расійскі кантрактнік Руслан Шышыгін, які летась спрабаваў утапіць дзяўчыну ў фантане з-за сініх валасоў, піша «Астра». 

14.11.2024 / 20:01

Скрыншот відэа

32-гадовы Руслан Шышыгін загінуў на вайне ва Украіне 20 жніўня, аднак яго некралог з'явіўся ў сацсетках толькі цяпер. Шышыгін быў пасмяротна прадстаўлены камандаваннем да ордэна мужнасці, гаворыцца ў некралогу.

Шышыгін «праславіўся» ў жніўні мінулага года, калі разам з сябрам напаў на 18-гадовую дзяўчыну з сінімі валасамі ў Свярдлоўскай вобласці.

Іх абурылі сінія валасы дзяўчыны, а таксама тое, што яна «падобная на габрэйку».

Мама пацярпелай тады распавяла, што Шышыгін з сябрам крычалі, маўляў, яны толькі вярнуліся з вайны. Але яны не былі на вайне. 

Руслан Шышыгін

У кастрычніку 2023 года суд прысудзіў Шышыгіна да трох гадоў, а яго сябра Міхаіла Калмагорцава да трох гадоў і двух месяцаў калоніі.

Шышыгін падпісаў кантракт з Мінабароны вясной 2024 года. 

 

Nashaniva.com