Генштаб Украіны запэўнівае, што расійскай арміі не ўдалося ўвайсці ў Купянск і акупаваць Ільінку

У Генеральным штабе УСУ заяўляюць, што расіянам не ўдалося ўвайсці ў Купянск на Харкаўшчыне, і горад застаецца пад кантролем Сіл абароны, паведаміў украінскім СМІ прэс-сакратар Генштаба Андрэй Кавалёў.

14.11.2024 / 12:41

Фота: 56-я мотапяхотная Марыупальская брыгада

«Усе атакі расійскіх акупантаў на гэтым напрамку былі паспяхова адбіты. Расійскім захопнікам не ўдалося ўвайсці ў Купянск. Горад пад кантролем Узброеных сіл Украіны».

Афіцэр удакладніў, што 13 лістапада, пачынаючы з 14:30, расійскія акупанты спрабавалі прарваць абарону ўкраінскіх войскаў на Купянскім напрамку. Штурмавыя групы праціўніка атакавалі пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў чатырма хвалямі. Агульная колькасць тэхнікі, якую выкарыстоўвалі расіяне, склала каля 15 адзінак, уключаючы танкі, баявыя браняваныя машыны і ўстаноўку для размінавання УР-77.

«Трэба падкрэсліць, што частка расійскіх салдат была пераапранута ў форму Узброеных сіл Украіны. Гэта парушае законы і правілы вядзення вайны і з'яўляецца ваенным злачынствам», — дадаў прэс-сакратар Генштаба.

Па яго словах, дзякуючы ўмелым і рашучым дзеянням падраздзяленняў Сіл абароны Украіны прасоўванне праціўніка было спынена, была знішчана ўся яго бранятэхніка, а таксама ліквідавана значная частка жывой сілы.

Nashaniva.com