«Падробка архіўнай даведкі — 4500 еўра». Як беларусы шукаюць у сябе польскія карані і як купляюць польскае паходжанне
МЗС Польшчы мае намер удакладніць крытэрыі выдачы карты паляка. У міністэрстве хочуць, каб яна не стала «шчылінай у міграцыйных працэдурах». Але даказаць польскае паходжанне не так проста, а тыя, хто не змог знайсці патрэбных архіўных дакументаў, нярэдка згаджаюцца на іх падробку. Андрэй (імя змененае) дапамагае знайсці польскія карані для атрымання карты паляка і сталага побыту — пастаяннага ДНЖ. MOST паразмаўляў з беларусам пра тое, чаму часам сапраўдныя доказы выклікаюць падазрэнні ў польскіх чыноўнікаў, і пра тое, як падрабляюць архіўныя дакументы.
13.11.2024 / 23:22
Нацыянальнасць не пісалі
Андрэй упэўнівае, што сам ён не аказвае незаконных паслуг. Мужчына працуе ў архівах, дзе шукае пацверджанні польскага паходжання кліентаў. У асноўным гэта дакументы часоў Расійскай імперыі і СССР, дзе магла быць указана нацыянальнасць, гаспадарчыя кнігі, даныя савецкага перапісу насельніцтва 1926 года.
З польскімі дакументамі 1921-1939 гады складаней: да прыкладу, у пашпартах таго часу нацыянальнасць не ўказвалася. Андрэй кажа, што ягоны калега бачыў толькі адзін дакумент з такой графой і нават выкупіў яго ў кліента для калекцыі.
— Рэдка, але ў архівах можна знайсці і іншыя дакументы, — распавядае спецыяліст. — Адзін раз я бачыў у гродзенскім архіве паперу на куплю-продаж дома, але нацыянальнасць там была ўпісана іншай пісьмовай прыналежнасцю. І незразумела, у той час гэта было зроблена, ці нехта схітрыў пазней.
Андрэй тлумачыць, што архіў не аддае знойдзенага дакумента і вельмі рэдка дазваляе рабіць ксеракопію. Часцей работнікі выдаюць завераную подпісам і пячаткай дырэктара даведку, у якой распісаны змест дакумента. Будзе там указана, што нацыянальнасць дапісана, ці не — залежыць ад работнікаў.
«Даказалі, што палінезійцаў на той тэрыторыі не было»
Праблема з «дапіскамі» асабліва актуальная для гаспадарчых кніг — савецкіх дакументаў, у якіх вёўся ўлік сельскага насельніцтва і яго маёмасці. Гэтыя кнігі заўсёды запаўняліся ад рукі, у іх часта скарачалі імёны, імя па бацьку, нацыянальнасць.
Менавіта з гаспадарчымі кнігамі ў польскіх чыноўнікаў праблемы — інфармацыю з іх часта не прымаюць як пацверджанне польскага паходжання для сталага побыту. Андрэй адзначае, што так адбываецца ў Кракаве, Варшаве, Гданьску, Уроцлаве, хаця пры падачы на карту паляка па тых жа дакументах пытанняў не ўзнікае.
Першы выпадак адмовы ў сталым побыце зафіксаваны і ў Беластоку. У рашэнні аб адмове пазначана, што беларус прадставіў мала доказаў польскага паходжання. Але ў асабістай гутарцы інспектар удакладніў, што яго збянтэжыла скарачэнне «пал.» у графе нацыянальнасць: «Адкуль мне ведаць, што гэта «паляк»?»
— Мы звярнуліся ў архіў, і ён падаў даведку аб тым, што на той тэрыторыі іншых нацыянальнасцяў, якія можна было б скараціць да «пал.», акрамя палякаў, не пражывала. Даказалі, што палінезійцаў там не было, — смяецца Андрэй.
«Інспектар сказаў, што даказваць трэба толькі па прамой лініі»
На шляху да карты паляка ці сталага побыту могуць узнікнуць і іншыя перашкоды. Спецыяліст кажа, што ў законе не прапісана, якія менавіта доказы польскага паходжання трэба даваць, таму часта рашэнне залежыць ад канкрэтнага інспектара.
Андрэй прыводзіць прыклад, калі ў пасведчанні аб нараджэнні бацькоў кліента была пазначана беларуская нацыянальнасць бабулі і дзядулі, але ў пасведчанні аб нараджэнні цёткі нацыянальнасць усё тых жа бабулі і дзядулі была ўжо польская.
— Натуральна, яны вырашылі падавацца на падставе пасведчання аб нараджэнні цёткі, — працягвае спецыяліст. — Але інспектар палічыў, што даказваць трэба толькі па прамой лініі, хоць у законе нічога пра гэта не сказана. У выніку мы звярнуліся са скаргай да начальніка аддзела, ён разабраўся і сказаў, што такі доказ падыходзіць.
Перашкодай таксама можа стаць рэдкі дакумент, які інспектары ніколі не бачылі. У практыцы Андрэя быў выпадак, калі брат і сястра падаваліся на карту паляка па сведчанні аб шлюбе бацькоў. У такіх дакументах нацыянальнасць паказвалася толькі ў кароткі перыяд — у 1940-1950-х гадах.
У сястры дакумент прынялі, але яна не прайшла сумоўе. А вось брата, які гутарку прайшоў, папрасілі прадставіць дадатковыя пацверджанні польскага паходжання.
«Спецыяльным растворам мылі ўсе запісы ў пасведчанні аб нараджэнні»
Андрэй кажа, што колькасць жадаючых знайсці польскія карані расце — патэнцыйныя кліенты тэлефануюць яму амаль кожны дзень. Звяртаюцца збольшага тыя, хто ўжо выехаў з Беларусі, пры гэтым яны не абавязкова жывуць у Польшчы. Напрыклад, апошнім часам пачалі пісаць беларусы, якія знаходзяцца ў Грузіі, але думаюць пра пераезд у Польшчу.
Спецыяліст кажа, што яго паслугі каштуюць ад 100-200 долараў да некалькіх тысяч для асабліва складаных выпадкаў. Аднак за іх ён імкнецца не брацца:
— Калі ў асноўных дакументах нічога няма, то ў 90-95% шукаць бескарысна.
Андрэй дзеліцца, што палова з тых, у каго не знайшлося польскіх каранёў, былі б гатовы пайсці на падробку дакументаў, калі б кошт такіх паслуг іх задаволіў. Аднак якасная падробка каштуе дорага, да таго ж многія схемы, якія працавалі раней, адвальваюцца.
— Раней спецыяльным растворам мылі ўсе запісы на сапраўдным пасведчанні аб нараджэнні продка, акрамя подпісу і друку, — дзеліцца спецыяліст.
Гэты метад ужо не выкарыстоўваецца — па словах Андрэя, некалькі гадоў таму ў польскіх чыноўнікаў з'явіліся спецыяльныя сканеры, якія паказваюць змяненне рэльефу паперы, якое адбываецца пасля зняцця старых чарнілаў і нанясення новых.
Ён дадае, што часта людзі «не затлумляюцца» і ствараюць падробкі, якія вельмі лёгка распазнаць. Даходзіць да таго, што пячаткі на архіўных даведках робяць з дапамогай прынтара.
— Да мяне пару гадоў таму звяртаўся чалавек, і ў яго быў ваенны білет дзеда, — прыводзіць прыклад са сваёй практыкі беларус. — У графе нацыянальнасць былі выразна бачныя пацёртасці і новы надпіс «паляк». Я нават не стаў з ім размаўляць: з такімі дакументамі да мяне не трэба звяртацца.
«Бізнэс» былога супрацоўніка КДБ
Цяпер, па словах Андрэя, на беларускім рынку падробленых архіўных дакументаў папулярная мінская фірма, рэкламу якой можна ўбачыць паўсюль у інтэрнэце.
Спецыяліст запэўнівае, што яе дырэктар — былы супрацоўнік КДБ, які раней займаўся кібербяспекай, таму «бізнэсу» забяспечаны «добры дах».
Цэны немаленькія. Напрыклад, падробка архіўнай даведкі на аснове перапісу 1926 года каштуе 4500 еўра.
— Пра гэтую фірму і цэннікі мне часта расказваюць мае кліенты, якія спачатку звярталіся да іх, а потым знайшлі мяне, — тлумачыць Андрэй.
Беларус лічыць, што «бізнэс» альбо супрацоўнічае з архівам, альбо знайшоў спосаб падрабляць архіўныя пячаткі і сам стварае даведкі.
«Пацвердзіць або абвергнуць, што гэта іншы чалавек, практычна нерэальна»
Мужчына схіляецца да другога варыянту, таму што і сам больш за восем гадоў таму безвынікова спрабаваў наладзіць паўлегальнае супрацоўніцтва з адным з архіваў.
Ён тлумачыць, што шмат у якіх беларускіх прозвішчаў ёсць арэалы іх распаўсюду. І па агульнадаступных базах можна знайсці, у якіх вёсках было больш за ўсё тых ці іншых прозвішчаў. Напрыклад, кліенту трэба пацвердзіць, што ў прадзеда Шастаковіча Мікалая было польскае грамадзянства. Для гэтага трэба паехаць у патрэбны архіў і знайсці ў польскіх спісах выбаршчыкаў любога Шастаковіча Мікалая, чый узрост падыходзіў бы пад нараджэнне нашчадкаў.
— Пацвердзіць або абвергнуць, што гэта іншы чалавек, практычна нерэальна, — упэўнены беларус. — Я спрабаваў наладзіць такое ўзаемадзеянне з адным з архіваў. Я б дасылаў ім на спецыяльна створаны е-мэйл прозвішча і імя, а яны б глядзелі па сваіх базах і высылалі б мне шыфры справы, і я б рабіў афіцыйны запыт і афіцыйную даведку.
Работнікі архіва адмовіліся ад такога супрацоўніцтва — пабаяліся, што схема раскрыецца і яны страцяць працу.
Змякчыць умовы, каб не было падробак
Андрэй упэўнены, што беларусы і надалей працягнуць падрабляць архіўныя дакументы — да таго часу, пакуль самы просты шлях атрымаць сталы побыт — гэта даказаць польскае паходжанне. Спецыяліст лічыць, што Польшчы трэба змякчыць умовы для тых, у каго няма «каранёў».
— Напрыклад, яны маглі б выдаваць сталы побыт без магчымасці паскоранага атрымання польскага грамадзянства, якое прадугледжана для тых, хто пацвердзіў польскае паходжанне, — мяркуе ён.