Затрыманы беларус, падазраваны ў спробе падпалу ў Гданьску па замове замежнай выведкі
Спецслужбы Польшчы затрымалі ў Варшаве грамадзяніна Беларусі, які падазраецца ў спробе падпалу аб'екта ў Гданьску, паведаміла Агенцтва ўнутранай бяспекі. Гэта чарговае затрыманне ў рамках буйнога расследавання дыверсій.
13.11.2024 / 18:02
Фота: Agencja Wyborcza.pl
У сераду, 13 лістапада, Агенцтва ўнутранай бяспекі паведаміла, што тыдзень таму быў затрыманы грамадзянін Беларусі, які падазраецца ў спробе падпалу аб'екта ў Гданьску, піша wiadomosci.gazeta.pl. Што гэта за аб'ект, не раскрываецца.
У ходзе расследавання, паведамляе Агенцтва ўнутранай бяспекі, былі выяўлены прадметы, якія маглі быць выкарыстаны «для далейшага ажыццяўлення дыверсійнай дзейнасці падобнага кшталту».
Мужчыну выставілі абвінавачанне ва «ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе міжнароднага характару і здзяйсненні дыверсійных дзеянняў або злачынстваў тэрарыстычнага характару па замове замежнай выведкі».
Рашэннем суда беларус часова арыштаваны тэрмінам на тры месяцы. Яму пагражае нават пажыццёвае зняволенне.
Гэты арышт — частка больш шырокага расследавання. Як паведамляе Нацыянальная пракуратура, затрыманне беларуса мае дачыненне да арганізаванай злачыннай групы, якая дзейнічала ад імя замежных службаў.
«У студзені і траўні 2024 года ў рамках гэтага расследавання на запыт пракурора Агенцтва ўнутранай бяспекі затрымала 4 чалавекі — грамадзян Польшчы, Украіны і Беларусі, якія рыхтаваліся да падпалу аб'ектаў ва Уроцлаве, а таксама падпалаў аб'ектаў у Гданьску, Гдыні», — гаворыцца ў заяве Агенцтва ўнутранай бяспекі.