Рада Еўропы і Літва адкрываюць цэнтр для беларусаў у Вільні

У Страсбургу міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс ад імя ўрада падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з Радай Еўропы (РЕ) шляхам стварэння ў Вільні інфармацыйнага цэнтра РЕ для народа Беларусі.

13.11.2024 / 16:46

Пра гэта піша Delfi.

«Спадзяюся, што гэты цэнтр адыграе ключавую ролю ў распаўсюдзе інфармацыі і ўмацаванні патэнцыялу ў галіне правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закона, каб, калі прыйдзе час, народ Беларусі стварыў дэмакратычную і квітнеючую будучыню для сваёй краіны», — сказаў Ландсбергіс.

Як паведамляе Міністэрства замежных спраў, пагадненне падпісана з улікам дамоўленасцяў, дасягнутых кантактнай групай РЕ па супрацоўніцтве з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Літва, якая займае пасаду старшыні Камітэта міністраў РЕ, унесла добраахвотны ўклад у стварэнне цэнтра.

МЗС падкрэслівае, што падтрымка грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і незалежных СМІ Беларусі і іншых краін, прыгнечаных аўтарытарнымі рэжымамі, ёсць доўгатэрміновым прыярытэтам знешняй палітыкі Літвы.

Nashaniva.com