Пачынаецца суд над святаром Генрыхам Акалатовічам. Яму пагражае да 15 гадоў за «здраду дзяржаве»

Святар перанёс інсульт і перахварэў на анкалогію, але яго ўжо год трымаюць у СІЗА КДБ.

13.11.2024 / 14:55

Ксёндз Генрых Акалатовіч. Фота: katolik.life

Каталіцкаму святару Генрыху (Генадзю) Акалатовічу 64 гады. Родам ён з вёскі Новая Мыш Баранавіцкага раёна.

Апошнім часам Генрых служыў у каталіцкім храме святога Язэпа ў Валожыне. Яго затрымалі 17 лістапада 2023 года.

Акалатовіч раней перанёс інфаркт і хварэў на анкалогію, таму незадоўга перад затрыманнем яму правялі аперацыю на страўніку. Святару трэба асаблівы дагляд і медыцынская дапамога. Але яго трымаюць у СІЗА КДБ, а стан здароўя невядомы.

Вернікі раней паведамлялі парталу katolik.life, што Акалатовіча вінавацілі ў тым, што ён камусьці выдаў нейкую таямніцу. Вядома таксама, што аб'ём шкоды, які выставілі святару, сягае мільёна даляраў. Пісалі і пра тое, што канфіскавалі не толькі асабістыя грошы святара, але і грошы парафіі.

Суд над Акалатовічам пачнецца 25 лістапада 2024 года ў Мінскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК). Святару пагражае да пятнаццаці гадоў калоніі.

Судзіць яго будзе Уладзімір Арэшка. Гэта той жа суддзя, што прысудзіў 8 гадоў Эдуарду Бабарыку, велізарныя тэрміны фігурантам справы пра «захоп улады» (Кастусёў, Фядута, Зяньковіч), шэсць гадоў за данаты маладзечанцу Аляксандру Верасовічу.

Уладзімір Арэшка. Фота: zubr.cc

«Нібыта нанёс шкоду ў мільён еўра?» Што вядома пра пробашча Генрыха Акалатовіча, які дзевяць месяцаў знаходзіцца за кратамі

З уваходу ў Чырвоны касцёл знікла апячатванне. Нешта адбываецца?

Памятаеце камуніста Цюхая, адыёзнага функцыянера БРСМ? Яго судзяць за здраду дзяржаве — да 25 гадоў зняволення

Nashaniva.com