Навальная: Я не жадаю паразы сваёй краіне — жадаю паразы Пуціну

Юлія Навальная дала інтэрв'ю вядоўцам тэлеканала «Дождь». Гэта яе першая вялікая размова з расійскімі журналістамі пасля гібелі Аляксея Навальнага ў калоніі 16 лютага 2024 года. У прыватнасці, яна выказалася наконт вайны Расіі супраць Украіны.

13.11.2024 / 14:19

«Справядліва было б, каб гэтая вайна, па-першае, ніколі не пачыналася. Калі яна пачалася… каб Уладзімір Пуцін сёння ж спыніў страляць па мірных украінскіх гарадах і вывеў усе войскі з тэрыторыі Украіны. Гэта было б справядліва, гэта павінна здарыцца неадкладна. Гэта і павінен быць вынік вайны. Вядома, на жаль, відавочна, што цяпер гэта не здарыцца, але калі вы мяне пытаецеся, які павінен быць зыход вайны — вось такім ён і павінен быць: каб Уладзімір Пуцін забраў свае войскі і вывеў з тэрыторыі Украіны. Прайграў бы гэтую вайну», — прыводзіць яе словы «Медуза».

Разам з тым, яна не жадае паразы Расіі, а жадае паразы Пуціну. 

«Вядома, не [не жадаю паразы сваёй краіне]. Тваё пытанне гучыць так, як быццам Уладзімір Пуцін — мая краіна. Але Уладзімір Пуцін — не мая краіна. Уладзімір Пуцін — гэта чалавек, які захапіў маю краіну. Які трымаецца амаль 25 гадоў за ўладу, ён трымаецца любымі спосабамі. Гэта не значыць, што я жадаю паразы сваёй краіне, гэта значыць, што я жадаю паразы Уладзіміру Пуціну як мага хутчэй, неадкладна. І ўнутры краіны, і тым больш пасля таго, як ён уварваўся на тэрыторыю суседняй дзяржавы», — дадала Юлія Навальная.

Nashaniva.com