Прэзідэнт Польшчы страціў частку пальца, займаючыся хатнімі справамі
Анджэй Дуда яшчэ ў кастрычніку з'явіўся на публіцы ў павязцы. А ў панядзелак на святкаванні Дня незалежнасці ён зняў пальчатку.
13.11.2024 / 14:26
Анджэй Дуда. Фота: Jakub Porzycki/NurPhoto via Getty Images
11 лістапада Анджэй Дуда прыняў удзел у традыцыйнай цырымоніі ля Магілы Невядомага Салдата ў Варшаве з нагоды Дня незалежнасці.
Падчас ускладання вянка прэзідэнт Польшчы зняў пальчатку, каб паправіць стужку. Польскія журналісты заўважылі адну дэталь: на правай руцэ Дуды адсутнічала частка пальца, піша TVN24.
Польскі прэзідэнт з'явіўся з павязкай на пальцах правай рукі яшчэ ў кастрычніку ў Сейме. Але тое, што адбылося, стала вядома толькі цяпер — ад сакратара канцылярыі прэзідэнта Войцеха Каларскага.
«Прэзідэнт некалькі тыдняў таму з'явіўся на публіцы з павязкай, паколькі даволі сур'ёзна пашкодзіў палец, выконваючы працу па доме. Патрэбна была невялікая працэдура, але цяпер усё ў парадку», — расказаў Каларскі.
Па яго словах, інцыдэнт з Дудай адбыўся ў яго вольны час.
«На жаль, тое, што здарылася з прэзідэнтам, — гэта тое, што можа здарыцца з любым чалавекам», — дадаў сакратар.