Букераўскую прэмію атрымала кніга, дзе падзеі адбываюцца на МКС

Гэта таксама самы кароткі раман у гісторыі прэміі — у кнізе ўсяго 136 старонак.

13.11.2024 / 12:13

Фота: Wiktor Szymanowicz/Anadolu via Getty Image

Прэмію 2024 года атрымала англійская пісьменніца Саманта Харві за раман «Арбіта», які распавядае пра адзін дзень з жыцця шасці астранаўтаў, што знаходзяцца на Міжнароднай касмічнай станцыі, піша Бі-бі-сі.

Цырымонія ўручэння прэміі прайшла ў Лондане, журы ў гэтым годзе ўзначаліў брытанскі пісьменнік і мастак Эдмунд дэ Ваал. Ён сказаў, што ўся каманда адзінагалосна аддала перавагу раману Саманты Харві.

«Іншы раз вы сустракаеце кнігу і не можаце зразумець, як адбылося гэта цудоўнае здарэнне. Як суддзі мы былі поўныя рашучасці знайсці кнігу, якая б нас схвалявала, якая б мела ёмістасць і рэзананс, якой мы хацелі б падзяліцца», — сказаў дэ Ваал.

Харві стала першай жанчынай, якая атрымала прэмію з 2019 года, а «Арбіта» стала самой прадаванай кнігай з шорт-ліста ў Вялікабрытаніі.

Гэта першая кніга — лаўрэат Букераўскай прэміі, дзе дзеянне адбываецца ў космасе, а таксама самы кароткі раман — у кнізе ўсяго 136 старонак.

«Гэты кампактны, але ў той жа час прыгожы па змесце раман запрашае нас паназіраць за веліччу Зямлі і адначасова задумацца пра індывідуальную і калектыўную вартасць кожнага чалавечага жыцця», — гаворыцца ў заяве прэміі.

У шорт-ліст, акрамя Харві, увайшлі кнігі «Возера стварэння» амерыканкі Рэйчэл Кушнер, «Сховішча» нідэрландска-ізраільскай пісьменніцы Яэль ван дэр Вудэн, «Утрыманы» канадкі Эн Майклс, «Малітва ў каменным мяшку» аўстралійкі Шарлот Вуд і раман «Джэймс» амерыканца Персіваля Эверэта.

На прэмію могуць прэтэндаваць мастацкія творы пісьменнікаў любой нацыянальнасці, напісаныя на англійскай мове і апублікаваныя ў Вялікабрытаніі або Ірландыі за апошні год.

Прэмія ўручаецца з 1969 года.

Nashaniva.com