Расіяне ўпершыню за 73 дні масіравана атакавалі Кіеў

Узброеныя сілы Расіі нанеслі камбінаваны ракетна-дронавы ўдар па Кіеве ўпершыню за апошнія 73 дні, заявіў кіраўнік гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Папко.

13.11.2024 / 10:23

Фота: lb.ua

Паводле яго слоў, у атацы, верагодна, былі задзейнічаны крылатыя ракеты паветранага базіравання, балістычныя ракеты KN-23 / KN-24 / «Іскандэр-М», беспілотнікі тыпу Shahed і іншых тыпаў.

Паветраную трывогу ў Кіеве абвясцілі а палове сёмай раніцы з-за пагрозы нападу дронаў, і ў гэты час крылатыя ракеты ўжо накіроўваліся ў напрамку Кіеўскай вобласці, паведаміў Папко ў тэлеграме, піша Бі-бі-сі.

«Калі ракеты ўжо заходзілі на Кіеў, праціўнік адначасова нанёс балістычны ўдар па сталіцы. Завяршылася варожая атака зноў беспілотнікамі», — напісаў ён.

Атака на Кіеў, па словах Папко, працягвалася больш за дзве гадзіны. Было знішчана «некалькі крылатых, некалькі балістычных ракет і да дзясятка дронаў».

Паветраныя сілы УСУ пакуль не давалі справаздачу аб адбіцці атакі. Расія афіцыйна не каментавала масіраваны ўдар па Кіеве.

Інфармацыі аб разбурэннях або пацярпелых у Кіеве не паступала, заявіў кіраўнік гарадской ваеннай адміністрацыі.

Nashaniva.com