Бондарава захацела двухмоўя, як у Фінляндыі. Мы таксама за
Прарасійская даносчыца паставіла гэтую краіну ў прыклад беларускім «халуям, якія слухаюць загады з Нью-Ёрка». Фінскі білінгвізм сапраўды варты пераймання. І вось чаму.
16.11.2024 / 07:00
У Фінляндыі пражывае самая аблашчаная ўвагай нацыянальная меншасць у свеце, правам якой можа пазайзросціць і беларуская большасць у Беларусі. Фота: Wikimedia Commons
Вольга Бондарава, якая апошнія гады занятая справай вынішчэння ўсяго беларускага ў Беларусі, і яе прыхільнікі былі моцна маральна траўмаваныя нядаўнім перайменаваннем чыгуначнай станцыі ў Мазыры.
Са здзіўленнем для сябе яны адкрылі беларускае заканадаўства, паводле якога ўсе назвы ў Беларусі прысвойваюцца на беларускай мове, а пасля не перакладаюцца, а транслітаруюцца на рускую. Праз гэта ўзнікаюць нязвыклыя для рускага вуха назвы тыпу «Мозырь-Павночный». З такой «няроўнасцю» рускай мовы бондараўцы змірыцца ніяк не могуць.
Даносчыца адшукала ў Еўропе краіну з ідэальным, на яе думку, білінгвізмам, бо там няма ніякай транслітарацыі. Ёй, як ні дзіўна, аказалася ліберальна-дэмакратычная Фінляндыя, у якой статус дзяржаўных больш за стагоддзе маюць фінская і шведская мовы.
Іхні роўны статус прапісаны ў Канстытуцыі. Шведская мова ў Фінляндыі — вынік больш як паўтысячагадовага валадарання Швецыі, якое пачалося яшчэ ў XII стагоддзі. Фармальна яно скончылася ў пачатку XIX стагоддзя, калі Швецыя прайграла Фінляндыю Расійскай імперыі ў чарговай вайне. На той момант шведская мова была роднай для паловы насельніцтва. Расійская імперская палітыка ў дачыненні да Фінляндыі была скіраваная на памяншэнне шведскага ўплыву, праз што рэгіён атрымліваў розныя прывілеі і свабоды.
Фіны змаглі, карыстаючыся гэтымі магчымасцямі, у сярэдзіне XIX стагоддзя, на хвалі нацыянальнага адраджэння, павярнуць працэс асіміляцыі ў адваротны бок. Ужо ў 1883 годзе выйшла пастанова, што ўсе мясцовыя чыноўнікі былі абавязаны гаварыць і выдаваць дакументы на фінскай мове.
Вулічныя паказальнікі ў Хельсінкі на фінскай і шведскай мове. У двухмоўных валасцях назвы сапраўды дублююцца. Фота: Wikimedia Commons
У 1900 годзе шведскую лічылі роднай ужо толькі 12,9% жыхароў Фінляндыі. Гэта пры тым, што шведская мова заставалася асноўнай пісьмовай мовай у рэгіёне, а шведы складалі аснову эліты. Спецыяльны закон 1922 года пацвердзіў роўны статус моваў. Але колькасць носьбітаў шведскай мовы натуральна працягвае патроху змяншацца.
У 2021 годзе фінскую мову называлі сваёй роднай 86,52%, а шведскую — толькі 5,19%. Але дзяржаўны статус шведская мова пакуль захоўвае. Яна з'яўляецца абавязковай для вывучэння ўсімі школьнікамі ў краіне.
Але ў адрозненне ад Беларусі, гэты абавязак адрозніваецца ад воласці да воласці. Шведы гістарычна засялялі ўзбярэжжа Балтыйскага мора, фіны заставаліся большасцю ў сельскіх рэгіёнах далей ад мора. Сёння шведы складаюць абсалютную большасць (92%) на Аландскіх астравах, а таксама значную меншасць на заходнім (так званая Астработнія) і на паўднёвым узбярэжжы Фінляндыі.
Сінім колерам пазначаны воласці Фінляндыі, у якіх афіцыйнай мовай з'яўляецца шведская. Самыя цёмныя, на заходнам узбярэжжы і на Аландскіх астравах, аднамоўныя, святлейшыя — двухмоўныя, з дамінаваннем шведскай ці фінскай моў. Таксама на поўначы ёсць двухмоўныя воласці, дзе другой мовай з'яўляцца саамская. Фота: Wikimedia Commons
У сувязі з гэтым воласці Фінляндыі былі падзелены на аднамоўныя і двухмоўныя. У двухмоўных воласцях сям'я можа выбраць шведскамоўную ці фінскамоўную школу, але абедзве мовы будуць глыбока вывучацца. А вось у аднамоўных воласцях сітуацыя іншая.
У фінскамоўных воласцях шведская вывучаецца толькі тры гады, з 7 па 9 класы, на даволі паверхневым узроўні. У шведскамоўных грамадах прыкладна гэтак жа вывучаюць фінскую.
Аўтаномныя Аландскія астравы — адно з нешматлікіх месцаў у Фінляндыі, дзе пануе шведскае аднамоўе. Фота: Ålandsresor
З 317 фінляндскіх валасцей толькі 16 з'яўляюцца шведскамоўнымі і 32 з'яўляюцца двухмоўнымі. Каб грамада лічылася двухмоўнай, большасць не патрэбная. Калі 8% насельніцтва або прынамсі 3000 яе жыхароў гавораць на іншай мове, то яна лічыцца двухмоўнай. Да ліку такіх грамадаў адносіцца і сталіца Хельсінкі, дзе не па-фінску гаворыць усяго 5,9% жыхароў, але правіла 3000 чалавек выконваецца.
Акадэмія Обу ў Турку — адзіная шведскамоўная ВНУ ў Фінляндыі. «Обу» — гэта шведская назва Турку. Акадэмія знаходзіцца ў горадзе, дзе ўсяго толькі 5,4% размаўляюць не па-фінску, але так склалася гістарычна. Фота: Гугл Карты
Нягледзячы на тое, што шведскамоўная Акадэмія Обу знаходзіцца ў двухмоўнай воласці, усе шыльды выкананы толькі па-шведску і па-англійску. Фота: Гугл Карты
Вядома, што з такім моўным перакосам абсалютная роўнасць немагчымая. Вышэйшую адукацыю на шведскай можна атрымаць усяго ў адной навучальнай установе, а таксама шведская мова перастала быць важнай часткай атэстата сталасці.
Зрэшты, многія фіны лічаць абавязковую шведскую для сябе непатрэбным цяжарам. Больш за 650 тысяч жыхароў Хельсінкі абавязаны паглыблена вывучаць шведскую, бо ў іх горадзе пражывае 36 тысяч людзей, якія карыстаюцца шведскай мовай. Гэта параўнальна з тым, калі б усіх жыхароў Вільні, параўнальнай па памеры з Хельсінкі, прымусілі ў абавязковым парадку вывучаць польскую і рускую — многім бы такое не спадабалася.
«Далоў абавязковую шведскую!». Не ўсе ў Фінляндыі задаволеныя неабходнасцю вывучаць мову нацыянальнай меншасці, прызнаную дзяржаўнай. Фота: Wikimedia Commons
Не падабаецца такое становішча і фінскім нацыяналістам. Перыядычна ўзнікаюць ініцыятывы і законапраекты, якія скіраваныя на ліквідацыю абавязковага вывучэння шведскай мовы ўсімі фінамі. Зрэшты, пакуль ніводная не ўвянчалася поспехам.
Бондарава бачыць моўную сітуацыю ў Фінляндыі праз крывое люстэрка. Але калі сапраўды перанесці яе на беларускую глебу, то атрымаецца сапраўды вельмі цікава.
Руская мова для Беларусі з'яўляецца тым жа, чым шведская для Фінляндыі — мовай, якая прыўнесена праз працяглае валадарства іншай дзяржавы. Шведы ў Фінляндыі складаюць абсалютную меншасць — 5,2%, рускія ў Беларусі таксама — 7,5%.
Воласці — гэта хутчэй нашыя раёны, чым сельсаветы. Згодна з апошнімі перапісамі, у Беларусі беларускую мову лічыць роднай абсалютная большасць насельніцтва краіны — 54,1%. Да паказчыкаў фінскай пакуль далёка, але і яна пачынала з горшых пазіцый. Пры гэтым ні ў адным з раёнаў Беларусі ні беларускую, ні рускую не назвалі роднай менш за 8%. Так што па фінляндскіх крытэрыях усе беларускія раёны былі б двухмоўнымі, у тым ліку і буйныя гарады.
Двухмоўны знак на ўездзе ў двухмоўную воласць Хельсінкі/Гельсінгфорс. Фота: Wikimedia Commons
Але большасць валасцей Фінляндыі аднамоўна фінскія — там дзяржаўнае двухмоўе на дарожныя знакі не распаўсюджваецца. Фота: Wikimedia Commons
І вось тут пачынаецца пытанне сапраўднага двухмоўя. З першага погляду, у школах нічога не зменіцца, бо беларускую і рускую мову ў Беларусі паўсюль вывучаюць паглыблена. Але ў Фінляндыі ў двухмоўных валасцях гарантавана ёсць школы на абедзвюх мовах на выбар. Ва ўсіх абласных гарадах, за выключэннем Мінска, беларускамоўныя школы адсутнічаюць, хоць беларускую там лічаць роднай куды больш за 8% насельніцтва.
Першы плюс пераймання досведу Фінляндыі — ва ўсіх гарадах Беларусі, дзе сёння цалкам адсутнічае беларускамоўная адукацыя, яна нарэшце з'явіцца. І не ў выглядзе нейкіх класаў ці груп, якія бацькі сёння, прыніжаючыся, выпрошваюць у чыноўнікаў, а ў выглядзе паўнавартасных сярэдніх навучальных устаноў.
Тое самае тычыцца і сярэдне-спецыяльнай адукацыі: замест выкладання асобных дысцыплін у некаторых каледжах культурна-гуманітарнага профілю беларускамоўнымі мусяць стаць многія тэхнічныя і аграрныя каледжы, а таксама сувораўскія і спартыўныя вучылішчы.
Гімназія №23 — адна з нешматлікіх беларускамоўных навучальных устаноў у Мінску. У большасці вялікіх гарадоў беларускамоўных школ няма ўвогуле. Фота: Wikimedia Commons
Што тычыцца вышэйшай адукацыі, то варта звярнуць увагу, што ў Фінляндыі для каля 5% насельніцтва, якія называюць сваёй роднай мовай шведскую, адведзена ўсяго адна ВНУ — Акадэмія Обу, у якой можа вывучаць як гуманітарныя, так і тэхнічныя дысцыпліны.
У Беларусі для 42,3% насельніцтва, што называюць рускую мову роднай, адведзены ўсе без выключэння ВНУ.
Беларуская мова ж прысутнічае толькі ў якасці асобнага прадмета ды на асобных філалагічных і гістарычных спецыяльнасцях. Адсутнасць магчымасці атрымаць вышэйшую адукацыю на беларускай мове — адна з прычын, чаму сёння бацькі неахвотна аддаюць сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы.
Таксама на некаторых факультэтах іншых універсітэтаў Фінляндыі ёсць квоты для шведскамоўных студэнтаў. Акадэмія Обу ахоплівае многія спецыяльнасці, але, напрыклад, не рыхтуе медыкаў, якія неабходныя шведскамоўным грамадзянам. Здаецца фантастычным, каб нехта задумваўся пра нешта падобнае ў Беларусі.
БНТУ сёння горда носіць эпітэт «нацыянальнага» ўніверсітэта, але акрамя назвы на будынку нічога нацыянальнага ў ім няма. Фота: Гугл Карты
Было б справядліва, каб у Беларусі не менш за палову ВНУ таксама сталі беларускамоўнымі. І без перакосу ў гуманітарны бок. Напрыклад, каб БДПУ і БДТУ засталіся рускамоўнымі, а БДУ, як найстарэйшы ўніверсітэт краіны, і БНТУ, які носіць у сваёй назве слова «нацыянальны», — сталі беларускамоўнымі. Вось гэта сапраўды б нагадвала двухмоўе ў адукацыі.
Нюландская брыгада — шведскамоўнае падраздзяленне ВМС Фінляндыі. Фота: Svenska Yle
Фінляндыя, акрамя ўсяго іншага, гарантуе грамадзянам права праходзіць вайсковую службу на сваёй роднай мове. У складзе ВМС Фінляндыі існуе асобнае шведскамоўнае падраздзяленне марской пяхоты — Нюландская брыгада.
У Беларусі патрабаванне служыць на беларускай мове — небяспечны для прызыўніка выклік ідэалагічнай сістэме. Кожная прысяга на беларускай мове становіцца медыйнай падзеяй.
На электронных табло хельсінкскага трамвая назвы дублююцца адразу на дзвюх дзяржаўных мовах. Фота: Wikimedia Commons
Двухмоўныя знакі на прыпынку грамадскага транспарту ў Хельсінкі. Нягледзячы на тое, што горад афіцыйна лічыцца двухмоўным, фінскую мову лічыць роднай абсалютная большасць жыхароў сталіцы, таму на знаках яна ідзе першай і вылучана тлустым. Фота: Wikimedia Commons
На абедзвюх мовах пішуцца назвы маршрутаў на прыпынках і агучваюцца прыпынкі ў грамадскім транспарце Хельсінкі. У агучцы да шведскай і фінскай моў часам дадаецца зненавідная для прарасійскіх актывістаў англійская мова, якую пасля іх даносаў папрыбіралі з грамадскага транспарту Мінска.
Уся інфармацыя на ўпакоўках тавараў у Фінляндыі дублюецца на дзвюх мовах
Уся інфармацыя на ўпакоўках тавараў у Фінляндыі дублюецца на дзвюх мовах
На ўпакоўках тавараў, вырабленых у Фінляндыі, заўсёды была і фінская, і шведская мовы. У Беларусі нацыянальная мова застаецца неабавязковай для выкарыстання на таварах праз навязаныя Расіяй рэгламенты Мытнага саюза, згодна з якімі абавязковая толькі руская мова.
З'яўленне беларускай мовы на беларускіх таварах — або маркетынгавы ход, бо людзі цэняць такое, або вынік няспыннай працы актывістаў за апошнія гады. Іх дзейнасць пастаянна падвяргаецца нападкам з боку бондараўцаў, якія не хочуць бачыць на тварах ніякай мовы акрамя рускай. Выкарыстанне беларускай назвы ўвогуле становіцца нагодай для расследаванняў ад Бондаравай на «добранадзейнасць» людзей, якія за гэтым стаяць, і для наступнага публічнага пераследу гэтых «змагароў».
Фінскамоўная старонка ўнясення зменаў ад 6 лістапада 2024 года ў закон аб фінансаванні асацыяцый і фондаў у сферы сацыяльнай дапамогі і аховы здароўя. Скрыншот сайта Finlex
Шведскамоўная старонка ўнясення тых жа зменаў ад 6 лістапада 2024 года ў закон аб фінансаванні асацыяцый і фондаў у сферы сацыяльнай дапамогі і аховы здароўя. Скрыншот сайта Finlex
На дзвюх мовах у Фінляндыі таксама распрацоўваюцца і прымаюцца законы. У Беларусі нічога такога няма. Толькі ў апошнія гады было афіцыйна перакладзена 16 асноўных кодэксаў, але амаль усё іншае заканадаўства існуе выключна па-руску.
Беларускія ўлады лічаць, што адначасовая падрыхтоўка законаў на дзвюх дзяржаўных мовах — гэта занадта накладная практыка.
Яшчэ раз нагадаем, што ў Фінляндыі ўсе законы перакладаюцца на мову меншасці, якая складае ўсяго каля 5% насельніцтва краіны. У Беларусі законы не перакладаюцца ні для 83,7% насельніцтва, якое называе сябе беларусамі, ні для 54,1% тых, хто называе беларускую мову роднай, ні для 26% тых, хто размаўляе па-беларуску дома.
Дзіўна, што ў такіх умовах татальнай русіфікацыі беларуская мова яшчэ мае нейкае грамадскае значэнне ў краіне, а не чыста сімвалічнае.
«Такім павінен быць білінгвізм. У Беларусі яго няма. Бо руская мова адсутнічае ў тапаніміцы і транспарце», — піша Бондарава пра Фінляндыю.
Насамрэч менавіта становішча беларускай мовы ў Беларусі горшае, чым становішча мовы невялікай шведскай меншасці ў Фінляндыі.
Акрамя ўсёй дзяржаўнай падтрымкі з боку фінскіх ўладаў, шведская меншасць гарантавана будзе мець шведскамоўны кантэнт з самой Швецыі. Беларуская ж мова ніяк не падтрымліваецца ўладамі Беларусі, а беларусы не маюць нейкай іншай «вялікай зямлі», якая б завальвала іх фільмамі, кнігамі ды навінамі па-беларуску. Амаль любы беларускамоўны кантэнт, які сёння прыходзіць з эміграцыі, неадкладна прызнаецца «экстрэмісцкім» у Беларусі.
Калі трэба абмяняць малазначны прывілей транслітарацыі новых геаграфічных назваў з беларускай на рускую мову на ўсю вышэйапісаную моўную роўнасць па прыкладзе Фінляндыі — з беларускамоўнымі ўніверсітэтамі, законамі і вайсковай службай, — то гэта адназначна было б таго вартае.
Праўда, кодла Бондаравай, якая ніколі не бачыла і не хацела сапраўднага двухмоўя, яшчэ мацней заскавыча ад такога «прыгнёту рускай мовы» ў Беларусі. Іх задача — канчаткова выціснуць беларускую мову з Беларусі, а не дасягнуць роўнасці паміж рускай і беларускай мовамі.