Той «Максім з Латвіі», які ўцёк у Беларусь, — ідэйны змагар з аліментамі

Прапагандысты падаюць Максіма як «смелага і дзёрзкага блогера, які ўцёк ад палітычнага пераследу». Рэальнасць больш складаная.

16.11.2024 / 09:46

Блогер Максометр. Фота: асабістая старонка ў VK

Некалькі дзён таму ў інтэрнэце з'явіўся ролік, у якім Максім, які пераехаў з Латвіі ў Беларусь, пахваліўся сваім першым заробкам, частку якога атрымаў прадуктамі. Гэты Максім — даволі вядомы блогер, які вядзе свой канал Максометр.

Вядома, што нарадзіўся ён у 1975 годзе. Свайго прозвішча ён нідзе не агучвае. Мяркуючы па відэароліках, з 1978 года мужчына пражываў у Латвіі, хаця родам ён з Казахстана.

Сам блогер заяўляў, што яго бацька — беларус. Гэта дазволіла Максометру пасля пераезду ў Беларусь восенню мінулага года атрымаць дазвол на жыхарства па паскоранай працэдуры. Да гэтага ў нашу краіну пераехала яго маці — грамадзянка Расіі.

У 2019 годзе Максометр стварыў канал на YouTube, які хутка стаў папулярным у пэўнай катэгорыі карыстальнікаў інтэрнэту. Цяпер на ім 890 відэа і 154 тысячы падпісчыкаў. Акрамя гэтага, мужчына мае каналы ў ціктоку і тэлеграме.

Асноўнай тэмай для разваг Максометра з'яўляюцца «правільныя» паводзіны ў адносінах з жанчынамі. Блогер прызнаецца, што сем гадоў таму развёўся з жонкай.

Па яго словах, пасля гэтага ён не мог мець зносін з дачкой.

Мужчына дае парады, як сучаснаму сярэднестатыстычнаму халасцяку засцерагчы сябе, не трапіць на кручок да «меркантыльнай асобы, якая прагне выпіць з яго ўсе сокі».

Як кажа сам блогер, 85% яго падпісчыкаў — «сярэднестатыстычны мужчына ад 30 да 50 гадоў», які «пабываў у шлюбе і ў якога не склалася сямейнае жыццё. (…) Гэта мужчыны, якіх, магчыма, нават пераследуюць ці прымушаюць плаціць аліменты за тых дзяцей, якіх яны не бачаць увогуле. (…)

Сёння жанчына можа спакойна ўзяць, здрадзіць мужу, забраць дзіця, пасадзіць мужа на аліменты, прымусіць яго плаціць, перавезці да гэтага дзіцяці новага мужчыну, а пра роднага бацьку забыцца. А родны бацька павінен проста плаціць грошы і не бачыць сваё дзіця. (…)

І гэтыя мужчыны бачаць у мне таго блогера, які прайшоў сам праз усё гэта. І таму ў нас ёсць супольнасць, дзе мы дапамагаем гэтым мужчынам».

Як расказваў сам Максометр, ён мае латвійскае грамадзянства, у Латвіі ён жыў у Рызе, працаваў у ваенізаванай ахове чыгункі. У дзяцінстве часта бываў у Беларусі ў сваёй бабулі ў вёсцы.

У адным з інтэрв'ю блогер расказваў, што пасля пачатку вайны ва Украіне да яго сталі праяўляць цікавасць спецслужбы Латвіі. Наколькі гэта праўда, невядома.

Па словах мужчыны, сваё рашэнне пераехаць ён хаваў ад усіх. У адзін з дзён у верасні 2023 года ён прадаў кватэру ў Рызе, схаваў грошы ў машыне і вечарам таго ж дня выехаў з краіны. Да гэтага ён перавёз у Беларусь некаторыя свае рэчы.

Знаходзячыся ў Беларусі, Максометр стаў раздаваць інтэрв'ю, у якіх расказваў пра тое, як цяжка жыць у Латвіі і як у гэтай краіне прыгнятаюць рускіх.

У адным з апошніх відэа Максометр расказвае, што служба дзяржбяспекі Латвіі нібыта асудзіла яго па артыкуле аб ваенных злачынствах, па якім яму пагражае да 20 гадоў турмы — аднак выглядае, што гэта выдумка.

Блогер расказваў, што купіў дом, у якім робіць рамонт і жыве на зберажэнні.

Не цураецца блогер і данатаў. Пад сваімі відэа ў ютубе ён размяшчае рэквізіты карткі Беларусбанка і просіць аказаць дапамогу.

Некалькі дзён таму Максометр паведаміў, што маці ад яго паехала, таму што «ўваходзіць ў секту Іеговы». Блогер прасіў сваіх падпісчыкаў дапамагчы яму грашыма, каб купіць «пральную машыну, нейкі шрубакрут і гэтак далей».

Таксама блогер расказаў, што ягоная жонка падала на яго ў суд для таго, каб спагнаць аліменты. А ён перакананы, што пасля разводу не павінен плаціць нічога.

Максім з Латвіі пераехаў у Беларусь. Цяпер расказвае, як добра, калі частку заробку выдаюць прадуктамі

«Плануем працаваць на зямлі»: жанчына ў 53 гады пераехала з Латвіі ў Беларусь. Ці разлічвае яна на беларускую пенсію?

Самы вядомы прарасійскі журналіст Латвіі ўцёк у Беларусь

Антось Жупран