Асудзілі 14-ю групу берасцейцаў за ўдзел у пратэснай акцыі 10 жніўня 2020 года

У судзе Ленінскага раёна Брэста 6 лістапада асудзілі Артура Трушко, Вадзіма Кутасевіча і Аліну Новікаву паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Шурын.

12.11.2024 / 14:35

AP Photo

Прысуд апублікаваў у сваім прэс-рэлізе Брэсцкі абласны суд, заўважыла «Берасцейская вясна».

Берасцейцаў абвінавацілі ў тым, што яны «выкрыквалі лозунгі і дэманстравалі палотнішча бел-чырвона-белага колеру». 

Артуру Трушко і Вадзіму Кутасевічу прызначылі кожнаму па аднаму году і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Аліне Новікавай — два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Такім чынам, вядома ўжо як мінімум пра 70 чалавек, якіх асудзілі паводле арт. 342 КК за ўдзел у пратэсных акцыях 2020 года ў Брэсце.

Nashaniva.com