На ўпакоўцы мегапапулярных лялек выпадкова надрукавалі адрас порнасайта
Кампанія Mattel цяпер моліць кліентаў выкінуць каробку.
12.11.2024 / 13:12
Лялькі, на ўпакоўцы якіх з'явіўся памылковы вэб-адрас. Фота: mattel / Instagram
Знакамітая кампанія цацак Mattel, якая выпускае ў тым ліку ляльку Барбі, памылкова надрукавала адрас порнасайта на ўпакоўцы са сваёй прадукцыяй.
Першымі памылку заўважылі карыстальнікі сацыяльных сетак. Як паведамляецца, кампанія выпусціла лялькі персанажаў кінаверсіі аднаго з самых паспяховых брадвейскіх мюзіклаў «Злосная» (Wicked). У мюзікле дзейнічаюць персанажы з кніг аб чараўніку з краіны Оз.
Першая частка фільма павінна з'явіцца 22 лістапада гэтага года. Друга — роўна праз год.
Лялькі выпушчаныя ў рамках рэкламнай кампаніі ў падтрымку фільма.
На ўпакоўцы павінен быў быць пазначаны адрас вэб-сайта фільма WickedMovie.com. Аднак, адрас надрукаваўся не цалкам і ў выніку вядзе на старонку з кантэнтам для дарослых.
Кампанія заявіла, што «глыбока шкадуе аб гэтай прыкрай памылцы» і прымае неадкладныя меры для яе выпраўлення. Людзям, якія ўжо набылі лялек, яна раіць пазбавіцца ўпакоўкі або замаляваць адрас вэб-сайта.
Mattel не паведаміла пра маштаб праблемы і не ўдакладніла, ці плануе яна адклікаць гэты тавар з гандлёвых сетак.
Пасля таго як інфармацыя пра памылку кампаніі трапіла ў СМІ, на гандлёвых пляцоўках пачалі з'яўляцца аб'явы аб продажы лялек з той самай няправільнай упакоўкай па цэнах, якія ў некалькі разоў перавышаюць рознічныя.
Mattel распрацоўвае яшчэ 45 фільмаў пра цацкі на фоне папулярнасці «Барбі»
Кампанія Mattel выпускае ляльку Барбі з сіндромам Даўна
У ЗША пачалі выпускаць гендарна-нейтральную ляльку Барбі