Украіна распрацавала два пункты «Плана перамогі» пад Трампа. Пра што ў іх гаворыцца?
Гэтыя прапановы Зяленскі прэзентаваў Трампу яшчэ ў верасні на сустрэчы ў Нью-Ёрку, піша Financial Times.
12.11.2024 / 11:46
Уладзімір Зяленскі падчас наведвання Дняпра 19 красавіка 2024 года. Фота: тэлеграм-канал Уладзіміра Зяленскага
Украіна ўлічвала, што прэзідэнтам ЗША можа стаць Дональд Трамп і распрацоўвалі свой «План перамогі» з улікам гэтага. Пра гэта паведаміла выданне Financial Times са спасылкай на крыніцы.
Саюзнікі Украіны ў Еўропе і ЗША, у тым ліку высокапастаўленыя рэспубліканцы, давалі парады, як лепш сфармуляваць прапановы, каб Трамп супрацоўнічаў з Украінай і не спыняў пастаўкі крытычна важнай дапамогі, кажуць украінскія і еўрапейскія чыноўнікі.
Спецыяльна пад Трампа ў «Плане перамогі» падрыхтавалі два пункты. Першы — пасля заканчэння вайны некаторых амерыканскіх салдат у Еўропе прапануюць замяніць украінцамі. Другі — Украіна падзеліцца важнымі прыроднымі рэсурсамі з заходнімі партнёрамі.
Гэтыя два пункты, як піша FT, Уладзімір Зяленскі прадставіў Дональду Трампу на сустрэчы ў Нью-Ёрку ў верасні. Трампа гэтыя прапановы нібыта зацікавілі.
Прадстаўнікі ўкраінскага бізнэсу, па словах крыніц, таксама прапануюць даць Трампу паўнамоцтвы вызначаць, хто можа весці бізнэс у краіне. Адна з крыніц адзначыла, што гэтая прапанова называецца «ABC — anybody but China» («Хто заўгодна, толькі не Кітай»). Згодна з прапановай, украінскія сферы, якія залежаць ад кітайскіх тэхналогій і матэрыялаў (напрыклад, тэлекамунікацыі), пяройдуць на амерыканскія тэхналогіі.
Крыніцы выдання сцвярджаюць, што Украіна спрабуе наладзіць адносіны з Трампам, замяніўшы амбасадара краіны ў ЗША Аксану Маркараву. Рэспубліканцы раней абураліся, што яна арганізавала візіт Зяленскага на абароннае прадпрыемства ў ЗША, дзе былі толькі дэмакраты. На пасаду амбасадара прапанавалі былога кіраўніка МЗС Украіны Дзмітрыя Кулебу, але ён адмовіўся, кажуць крыніцы. Украінскія афіцыйныя асобы і сам Кулеба гэта не каментавалі.
«План перамогі» Зяленскага мае такія пункты, як запрашэнне Украіны ў NATO, «няядзернае стрымліванне» Расіі, дазвол біць заходнімі ракетамі па цэлях у Расіі.