Беларусам прапануюць паўдзельнічаць у «электронных выбарах» народных дэпутатаў СССР

Мінінфармацыі распавядае пра дзіўную рассылку ад імя ЦВК СССР з падазронымі спасылкамі.

12.11.2024 / 12:04

У рассылцы ад імя Цэнтральнай выбарчай камісіі СССР гаворыцца аб правядзенні нейкага рэферэндуму і выбараў у Саветы народных дэпутатаў.

Галасаванне «прызначылі» на 21-24 лістапада, да ліста прыкладаюцца спісы кандыдатаў.

Цікава, што людзі ў спісах рэальныя. Напрыклад, Алена Клачко сапраўды ўзначальвае Савет дэпутатаў Валожынскага раёна, а Людміла Канановіч была дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Маладзечна. Трапілі ў спіс і рэальныя літоўскія палітыкі Саўлюс Яунейка і Здзіслаў Палевіч.

У рассылцы паведамляецца, што «выбары» пройдуць у электронным выглядзе — для ўдзелу трэба прайсці па спасылцы. Мінінфарм мяркуе, што спасылкі фішынгавыя. Пераход па іх можа прывесці да ўцечкі асабістых звестак.

Акрамя таго, ва ўстанове мяркуюць, што рассылка створаная для «дэстабілізацыі грамадскага парадку».

Nashaniva.com