Святлана Ціханоўская звярнулася з нагоды чацвёртай гадавіны гібелі Рамана Бандарэнкі
Дэмакратычная лідарка заклікае не забываць тых, хто загінуў.
12.11.2024 / 10:36
«Чатыры гады таму загінуў Раман Бандарэнка — і я добра памятаю той дзень. Жах і абурэнне ад гэтай трагедыі адгукнуліся ў сэрцы кожнага беларуса. Забойства Рамана — гэта не проста смутак адной сям'і: гэта агульны боль, які мы ўсе носім у сабе.
Тое, што здарылася той ноччу, на жаль, не адзінае злачынства. З-за помслівасці рэжыму цягам дзесяцігоддзяў у Беларусі бясследна знікалі людзі. У 90-я гады знішчаліся палітыкі, ваенныя, актывісты, журналісты — людзі, якія мелі мужнасць казаць праўду. Усе яны былі пазбаўленыя жыцця проста за тое, што кінулі выклік дыктатуры — і не збаяліся супрацьстаяць Лукашэнку. На жаль, і сёння метад захавання ўлады ў рэжыму і яго памагатых той жа самы — гвалт.
Кожны дзень мы бачым новыя арышты і палітычныя пераследы, сутыкаемся з жудаснымі гісторыямі зняволенняў і катаванняў. Рэпрэсіі не спыняюцца — яны сталі страшнай часткай штодзённасці. І, як раней, забіраюць свабоду і жыццё тых, хто мае адвагу адстойваць сваё меркаванне. Кожны палітвязень, кожная ахвяра рэжыму — гэта разбураная сям'я, пакінутыя бацькі, жонкі і дзеці.
Толькі за апошнія 4 гады мінімум 18 чалавек было забіта або закатавана рэжымам.
Нам нельга забываць пра тых, хто загінуў ад пераследу рэжыму. Гэта памяць не толькі пра мінулае, але і пра тое, што злачынствы працягваюцца. Нашая задача — дамагчыся справядлівасці і зрабіць усё, каб такія трагедыі больш ніколі не паўтарыліся».