Па загадзе махляроў 15-гадовы гімназіст ускрыў бацькоўскі сейф і аддаў кур'еру $53 тысячы

У міліцыю звярнулася жанчына. Яна расказала, што, вярнуўшыся дадому, убачыла беспарадак у кватэры і адчынены сейф. З яго зніклі залатыя і сярэбраныя зліткі, а таксама грошы, паведамляе сталічная міліцыя.

12.11.2024 / 10:02

Аператыўнікі высветлілі, што бацькавы зберажэнні забраў 15-гадовы сын-гімназіст. У месенджары хлопцу патэлефанаваў незнаёмы чалавек і паведаміў, што супраць яго бацькоў нібыта будзе заведзеная крымінальная справа.

Каб выратаваць сваякоў, ён павінен перадаць вялікую суму грошай. Хлопцу забаранілі распавядаць пра гэта каму-небудзь, у тым ліку бацькам і сябрам. Для ўпэўненасці ашуканцы выслалі фатаграфію падробленага пасведчання.

Па патрабаванні злачынцаў падлетак купіў электраінструмент. З яго дапамогай ён адчыніў бацькавы сейф. Пасля гэтага ён сфатаграфаваў яго змесціва і адправіў незнаёмцам. На наступны дзень гімназіст паклаў каштоўнасці на 53 тысячы даляраў у заплечнік і перадаў іх кур’еру.

Пасрэднік быў затрыманы. Ім аказаўся 29-гадовы мінчанін. Ён знайшоў незаконную падпрацоўку, але паспеў адпрацаваць толькі адзін дзень. Атрыманую ад падлетка суму ён падзяліў на дзве часткі. Грошы аддаў наступнаму кур’еру — 44-гадоваму жыхару Магілёўскай вобласці. Той вывез іх у суседнюю краіну і перадаў яшчэ аднаму пасрэдніку.

Паводле яго слоў, куратары абяцалі заплаціць яму за паслугу, аднак ашукалі. А каштоўныя зліткі ў мінчука забрала 55-гадовая жыхарка сталіцы, якая перадала іх далей па злачынным ланцугу.

«Усе фігуранты затрыманы. Праверка працягваецца», — дадалі ў ГУУС.

Nashaniva.com