Анджэй Дуда ўзнагародзіў былую кіраўніцу «Белсата» ордэнам

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўзнагародзіў былую дырэктарку тэлеканала «Белсат» Агнешку Рамашэўскую-Гузы крыжам ордэна Адраджэння Польшчы «за ўнёсак у развіццё незалежнай журналістыкі і свабодных медыяў».

11.11.2024 / 15:15

11 лістапада з нагоды Дня Незалежнасці Польшчы прэзідэнт краіны Анджэй Дуда ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды асобам, якія вызначыліся перад дзяржавай і грамадствам.

Сярод узнагароджаных — былая дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы. З рук прэзідэнта Польшчы яна атрымала крыж афіцэрскага ордэна Адраджэння Польшчы.

Як адзначаецца ў паведамленні на сайце прэзідэнта Польшчы, гэтую ўзнагароду Агнешка Рамашэўская-Гузы атрымала «за выдатны ўнёсак у развіццё незалежнай журналістыкі і свабодных медыяў, за дасягненні ў прасоўванні дэмакратычных каштоўнасцяў і ўклад у пабудову грамадзянскай супольнасці».

Агнешка Рамашэўская-Гузы — сузаснавальніца і першая дырэктарка «Белсата», якая ўзначальвала канал ад моманту стварэння да сакавіка 2024 года, агулам — больш за 18 гадоў.

Nashaniva.com