Шматпавярховы дом у Белгарадзе 5 лістапада атакаваў расійскі шахед

У выніку атакі пацярпелі два чалавекі, пашкоджаныя 40 кватэр у трох шматкватэрных дамах, 24 аўтамабілі і крама. Губернатар Белгарадскай вобласці абвінаваціў у атацы на дом УСУ. 

11.11.2024 / 14:39

Скрыншот відэа

Пасля з'явілася відэа з атакай на дом, якое спецыяльна было абрэзана такім чынам, каб схаваць факт працы СПА над мікрараёнам. 

Аднак тэлеграм-канал «Пепел» вывучыў новае відэа ўдару — з камеры відэаназірання на процілеглым пад'ездзе — якое дазваляе казаць пра тое, што дом атакаваў расійскі шахед. 

Чаму па доме ўдарыў менавіта шахед? 

На відэа з камеры відэаназірання на процілеглым доме добра відаць БПЛА, сілуэт якога вельмі моцна падобны на іранскі ўдарны БПЛА Shahed-136, якія расійская армія запускае па тэрыторыі Украіны. 

Толькі гэты ўдарны беспілотнік мае характэрную насавую частку і трохкутныя крылы з тупымі канцамі, якія выразна відаць на відэа з камеры відэаназірання. 

Удар па доме нанесены з умоўна «расійскага» боку ў кірунку мяжы з Украінай. Ударны БПЛА можа быць запраграмаваны на развароты і іншыя манеўры перад ударам па цэлі, што дазваляе гаварыць пра тое, што Украіна магла запраграмаваць БПЛА для развароту і ўдару па доме з умоўна «расійскага» боку. 

Аднак гэта не мае сэнсу з пункту гледжання логікі ўдару — калі б БПЛА быў запраграмаваны на ўдар па доме, ён бы мог з такім жа поспехам ударыць па ім з умоўна ўкраінскага боку будынка. 

Nashaniva.com