Патэнцыйны будучы канцлер Германіі прапануе паставіць Расіі ўльтыматум
Старшыня Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) Фрыдрых Мерц заявіў, што калі яго абяруць канцлерам Германіі, то ён гатовы будзе пазваніць Уладзіміру Пуціну. Але пры пэўных умовах.
10.11.2024 / 20:45
Фрыдрых Мерц. Фота: Michael Kappeler/picture alliance via Getty Images
«Калі для гэтага будзе нагода і ў коле еўрапейскіх і трансатлантычных партнёраў будзе дасягнутая згода, то, вядома, так», — адказаў ён у інтэрв'ю выданню Stern.
Пры гэтым Мерц заявіў, што не трэба мець ілюзій і варта пастаіць ультыматум — каб Расія спыніла наносіць удары па аб'ектах ва Украіне на працягу 24 гадзін, інакш Германія будзе гатова спачатку дазволіць біць нямецкай зброяй углыб Расіі, а пасля нават можа паставіць крылатыя ракеты Taurus.
Кіеў даўно просіць перадаць ракеты Taurus, далёкасць палёту якіх складае каля 500 км. Але Германія адмаўляла ў гэтым, бачачы ў такім кроку рызыку эскалацыі.
У Германіі нядаўна распалася кіроўная кааліцыя. 6 лістапада канцлер Олаф Шольц адправіў у адстаўку міністра фінансаў Крысціяна Лінднэра (кіраўніка Свабоднай дэмакратычнай партыі). У пачатку студзеня Шольц збіраецца запытаць вотум даверу ў дэпутатаў. Калі яны яму адмовяць у даверы, то Германію чакаюць роспуск парламента і датэрміновыя выбары. У такім выпадку ў Мерца вялікія шанцы стаць канцлерам.
Нечакана распалася кіроўная кааліцыя Германіі. Краіну могуць чакаць датэрміновыя выбары
Шольц пра Украіну: Краіна ў стане вайны не можа стаць членам NATO
Шольц хоча правесці тэлефонную размову з Пуціным