У Вільні ўшанавалі памяць Рамана Бандарэнкі, забітага на Плошчы Перамен

У Вільні на плошчы Кудзіркі прайшла акцыя памяці, прысвечаная Раману Бандарэнку і ўсім закатаваным рэжымам Лукашэнкі. 

10.11.2024 / 18:40

Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі ў Вільні. Фота тут і далей: Офіс Святланы Ціханоўскай

Да акцыі далучылася таксама Святлана Ціханоўская. Яна выступіла з прамовай, падчас якой нагадала пра ахвяраў рэжыму і падзякавала ўсім беларусам, якія працягваюць змагацца.

«Я выходжу», — такімі былі апошнія словы Рамана Бандарэнкі. Ён выйшаў, каб абараніць нашы сімвалы. Каб спыніць гвалт дыктатуры. Каб мы з вамі маглі жыць у свабоднай краіне.

Раману быў толькі 31 год. Ён ахвяраваў сваё маладое жыццё для нас з вамі. Ён стаў беларускім героем — як і многія іншыя беларусы. Іх ахвяры былі не дарэмныя.

Пакуль гвалт дыктатуры не спынены, мы з вамі будзем працягваць выходзіць!» — прыводзіць словы Ціханоўскай яе прэс-служба.

Раман Бандарэнка загінуў 12 лістапада 2020 года. Яго збілі і затрымалі на Плошчы Перамен у Мінску, а пасля забралі ў бусіку ў РУУС Цэнтральнага раёна. Адтуль мужчына трапіў у шпіталь з ацёкам галаўнога мозгу і шматлікімі траўмамі.

Улады хацелі пераканаць, што ён быў п'яны, але дактары ў яго крыві не выявілі алкаголю.

Дзякуючы злітым запісам размоў і білінгу тэлефонаў, стала вядома, што сярод прысутных на Плошчы Перамен у той вечар былі прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант, экс-кіраўнік беларускай Федэрацыі хакея, а цяпер сенатар Дзмітрый Баскаў, кікбаксёр, які трэніраваў САХР, Дзмітрый Шакута.

Nashaniva.com