Расійскія чыноўнікі пахвалілі настаўнікаў, якія на загад беларуса надзелі шапачкі з фольгі
На думку міністэрства адукацыі Варонежскай вобласці, шлемы з фольгі для абароны ад НАТА выглядалі вельмі пераканаўча.
10.11.2024 / 15:23
Фота: тэлеграм-канал Уладзіслава Бохана
Міністэрства адукацыі Варонежскай вобласці афіцыйна пракаментавала пранк беларускага акцыяніста Уладзіслава Бохана над расійскімі настаўнікамі.
Бохан ад імя «Адзінай Расіі» даручыў настаўнікам вырабіць шапачкі з фольгі для абароны ад «апрамянення спадарожнікамі НАТА». Педагогі заданне выканалі.
Чыноўнікі ад адукацыі ў тэлеграм-канале ведамства настаўнікаў за гэта пахвалілі.
«Педагогі ў чарговы раз прадэманстравалі свой патрыятычны настрой, высокую стараннасць і крэатыўны падыход да любой задачы («шлемы» з фольгі глядзяцца вельмі пераканаўча)», — заявілі ў міністэрстве.
Пры гэтым чыноўнікаў крыху знервавала, што настаўнікі не змаглі распазнаць пранк.
«З іншага — вядома, расчаравала, што яны не змаглі адрозніць сапраўдную партыйную ініцыятыву ад недарэчнага жарту. Мяркуем, гэта збольшага звязана з асаблівай увагай да бяспекі грамадзян у рэгіёне — нават у гэтым жарце асцярожныя педагогі вырашылі знайсці долю праўды», — гаворыцца ў паведамленні.
У міністэрстве адзначылі, што настаўнікам ужо патлумачылі правілы інфармацыйнай бяспекі. А аўтары найбольш удалых «шлемаў», як заяўляецца, высвятляюць адрас пранкера, каб накіраваць яму свае вырабы.
Чыноўнікі выказалі надзею, што ў настаўнікаў не будзе праблем з-за выкарыстання сімволікі «Адзінай Расіі».