Са смерці расійскага генерала ва Украіне робяць гераічную гібель, а ён проста ехаў п'яны
Канал ВЧК-ОГПУ паведамляе, што ў яго распараджэнні апынуліся дакументы і апавяданні відавочцаў, якія праліваюць святло на гібель пад Данецкам генерала УС РФ Паўла Кліменкі. Абставіны смерці, паводле канала, далёкія ад гераічных.
10.11.2024 / 12:02
Паводле даных ВЧК-ОГПУ, Кліменка ў п'яным стане на вялікай хуткасці з'ехаў на матацыкле ў кювет і пазней памёр ад характэрных для падобнага ДТЗ траўмаў. Аднак, было складзена заключэнне, што ў кювет ён з'ехаў у выніку абстрэлу з ужываннем БПЛА. Прычым у іншых матацыклістаў, якія ехалі побач, ніякіх пашкоджанняў наогул няма.
Цяпер генерала хочуць прадставіць да ўзнагароджання зоркай Герой Расіі, піша канал.
Згодна з інфармацыяй канала, медыкам у бальніцы, куды быў дастаўлены траўмаваны генерал, загадалі ніяк не адлюстроўваць у дакументацыі, што на момант трагедыі генерал знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап'янення.
На целе Паўла Кліменкі адсутнічалі якія-небудзь тэрмічныя і аскепкавыя пашкоджанні, характэрныя для выбуху. У генерала былі дыягнаставаны шматлікія пераломы (таз, сцягно, рэбры) і траўма галавы. Усе траўмы характэрныя для ДТЗ з матацыкламі.
У дакументах, з якімі ўдалося азнаёміцца ВЧК-ОГПУ, сказана, што 6 лістапада прыкладна ў 19:30 Павел Кліменка вяртаўся ў Данецк у групе з трох матацыклістаў. У раёне ўсходняй ускраіны Краснагораўкі генерал разам з матацыклам на вялікай хуткасці з'ехаў у кювет, дзе і атрымаў цяжкія траўмы. Яго даставілі ў Рэспубліканскі цэнтр траўматалогіі. У 22:00 там была канстатаваная смерць генерала.
Па словах крыніцы ВЧК-ОГПУ, пра абставіны смерці Кліменкі з'явілася ўказанне паведамляць, што ён загінуў у выніку атакі FPV-дрона, нібыта ад выбухной хвалі генерал быў адкінуты ў кювет разам з матацыклам.
Кліменка стаў 13-м расійскім генералам, пра чыю смерць паведамлялася з лютага 2022 года. Расійскія ўлады пацвердзілі восем з іх.
Як пішуць «Важныя гісторыі», байцы брыгады забітага генерала датычныя да катаванняў і забойства амерыканскага блогера і прыхільніка вайны Расэла Бэнтлі. Вядома, што труп амерыканца ўзарвалі, каб схаваць сляды зверстваў. Цяпер чацвёра былых падначаленых Кліменкі знаходзяцца пад следствам, але, імаверна, пазбегнуць пакарання, бо зноў адправяцца на фронт.
Паводле расследавання журналістаў, Кліменка арганізаваў катавальны канцлагер для расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі закінутай шахты ў Данецку. Там іх прымушаюць аддаваць камандзірам зарплату і выплаты за раненні (часам дзеля гэтага яны самі калечаць байцоў). Таксама камандаванне брыгады Кліменкі афармляла даверанасці і забірала сабе выплаты за смерць байцоў.