«Канстытуцыя не дазваляе». Ва Украіне пракаментавалі прапанову саветніка Трампа развітацца з Крымам
«Украіна не можа ахвяраваць ні Крымам, ні іншымі тэрыторыямі».
10.11.2024 / 09:25
Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп. Фота: Офіса прэзідэнта Украіны
У інтэрв'ю BBC дэпутат Вярхоўнай рады ад прапрэзідэнцкай партыі «Слуга народа» Аляксандр Мярэжка пракаментаваў выказванні блізкага да Дональда Трампа рэспубліканскага паліттэхнолага Браяна Ланза, які лічыць, што будучая адміністрацыя не будзе падтрымліваць імкненне Украіны вярнуць усе захопленыя Расіяй тэрыторыі, у тым ліку Крым.
«Мы не можам пагадзіцца на гэта з усіх пунктаў гледжання, таму што з пункту гледжання нашага канстытуцыйнага права пра гэта не можа быць гаворкі», — сказаў Мярэжка, які ўзначальвае камітэт Рады па знешняй палітыцы.
«Канстытуцыя не дазваляе ніякаму ўраду ці прэзідэнту ахвяраваць тэрытарыяльнай цэласнасцю і адмовіцца, напрыклад, ад Крыма. Гэта абсалютна немагчыма. З палітычнага пункту гледжання гэта таксама немагчыма, бо ва Украіне я не магу ўявіць сабе ўрад ці прэзідэнта, які б на гэта пагадзіўся», — сказаў дэпутат.
Дарадца прэзідэнта Украіны Дзмітрый Літвін раней каментаваў словы Ланза больш асцярожна. Ён сказаў, што ва Украіны ёсць рэалістычныя прапановы дзеля міру, але «Пуцін хоча больш вайны, больш смерцяў і больш захопленай зямлі».