У Прыпяцкім нацыянальным парку адшукалі старажытныя курганы

Але чорныя капачы зрабілі гэта раней.

09.11.2024 / 21:59

Падчас палявых даследаванняў тэрыторый нацыянальнага парку «Прыпяцкі» ў Азяранскім лясніцтве археолаг выявіў раней невядомую групу курганоў. Яна складаецца з шасці курганоў вышынёй ад 0,5 да 2 метраў.

Пры аглядзе было выяўлена, што некаторыя курганы пашкоджаны незаконнымі раскопкамі «чорных капальнікаў» і старой гаспадарчай дарогай 1950-х гадоў.

Цяпер курганы ўнесены ў базу асабліва ахоўных тэрыторый і аб'ектаў нацпарку. Для высвятлення культурна-гістарычнай прыналежнасці будуць праведзены далейшыя даследаванні.

Гэта не першая археалагічная знаходка, зробленая ў 2024 годзе ў гэтых запаведных мясцінах. Напрыклад, у ліпені былі знойдзены дзве групы з 9-і і 2-х курганоў, а таксама адзіночны курган. Гэта ўзгоркі дыяметрам ад 8 да 13 метраў і вышынёй да 2 метраў.

Гэтыя насыпы з'яўляюцца пахавальнымі збудаваннямі старажытнага насельніцтва Палесся эпохі бронзы або сярэднявечча.

Пры стварэнні новага экалагічнага маршруту «Хлупінская Буда» было знойдзена старажытнае паселішча эпохі неаліту. У выніку раскопак знойдзены крэмніевыя прылады працы і фрагменты керамічнага посуду ўзростам да 5 тысяч гадоў.

Nashaniva.com