Двух расійскіх кантрактнікаў асудзілі ў Расіі да пажыццёвага за расстрэл дзевяці чалавек у акупаванай Валнавасе
Ахвяры спалі ў сваіх дамах, калі былі забітыя.
08.11.2024 / 14:52
Два расійскія кантрактнікі — Станіслаў Рау і Антон Сопаў — былі прысуджаныя да пажыццёвага зняволення Паўднёвым акруговым ваенным судом у Растове-на-Доне за масавае забойства дзевяці мірных жыхароў у акупаванай Валнавасе, якое адбылося ў кастрычніку 2023 года, піша Astra.
Злачынства было здзейснена ў ноч з 27 на 28 кастрычніка, калі расійскія ваенныя расстралялі сям'ю Капканец і іх гасцей, сярод якіх былі двое маленькіх дзяцей.
Ахвяры спалі ў сваіх дамах, калі былі забітыя.
Паводле сведчанняў суседзяў, забойства было звязана з асабістай сваркай аднаго з ваенных з мужам Наталлі Капканец, а таксама, магчыма, са спробай завалодаць гарэлкай. Неўзабаве пасля расправы, нібыта, мясцовая ўлада спрабавала схаваць інфармацыю і прымусіла суседзяў маўчаць.
Суд прызнаў Рау і Сопава вінаватымі ў незаконным пранікненні ў жыллё і масавым забойстве, у тым ліку малалетніх, па матывах нянавісці. Нягледзячы на вынесены прысуд, падсудныя не прызналі сваёй віны і заявілі аб намеры абскардзіць рашэнне суда.