Трамп пра Пуціна: Думаю, мы пагаворым

З Зяленскім новы амерыканскі прэзідэнт ужо сазвоньваўся.

08.11.2024 / 08:12

Дональд Трамп не выключае хуткай размовы з Уладзімірам Пуціным. Фота: Charlie Neibergall / AP

Дональд Трамп сказаў у інтэрв'ю тэлекампаніі NBC, што пасля перамогі на выбарах яшчэ не сазвоньваўся з Уладзімірам Пуціным.

«Я думаю, мы пагаворым», — пракаментаваў Трамп.

Ён адзначыўся, што пасля перамогі на выбарах пагутарыў ці не з 70 сусветнымі лідарамі. Адным з іх быў Уладзімір Зяленскі. Падрабязнасцяў размовы Трамп не прывёў. Сам Зяленскі назваў размову «выдатнай».

«Мы дамовіліся падтрымліваць цесны дыялог і развіваць наша супрацоўніцтва», — адзначыў прэзідэнт Украіны.

Уладзімір Пуцін раней павіншаваў Трампа з перамогай, калі выступаў на пасяджэнні дыскусійнага клуба «Валдай» 7 лістапада. Ён сказаў, што не супраць камунікацыі з Трампам.

«Я не лічу ганебным і са свайго боку яму патэлефанаваць. Проста не раблю гэтага, таму што кіраўнікі заходніх дзяржаў з нейкага этапу, ледзь не кожны тыдзень мне тэлефанавалі, а потым раптам спынілі. Ну, не хочуць — і не трэба. Мы, як бачыце, жывыя-здаровыя, развіваемся, ідзём наперад. Калі хтосьці з іх захоча аднавіць кантакт, я заўсёды казаў і хачу яшчэ раз сказаць — мы нічога супраць не маем», — выказаўся Пуцін.

Nashaniva.com