На вайне загінуў чарговы расійскі генерал. Ён датычны да катавальняў у Данецку і забойства амерыканскага Z-блогера
У сацсетках з'явілася паведамлення аб гібелі камандзіра 5-й данецкай мотастралковай брыгады Паўла Кліменкі. Спачуванні пад ім пішуць ягоныя сёстры.
07.11.2024 / 19:53
Кліменка нарадзіўся ў Стаўрапольскім краі, а да ўварвання ва Украіну служыў у акупаваным Крыме. У маі гэтага года ён атрымаў званне генерал-маёра.
Як пішуць «Важныя гісторыі», байцы брыгады забітага генерала датычныя да катаванняў і забойства амерыканскага блогера і прыхільніка вайны Расэла Бэнтлі. Вядома, што труп амерыканца ўзарвалі, каб схаваць сляды зверстваў. Цяпер чацвёра былых падначаленых Кліменкі знаходзяцца пад следствам, але, імаверна, пазбегнуць пакарання, бо зноў адправяцца на фронт.
Паводле расследавання журналістаў, Кліменка арганізаваў катавальны канцлагер для расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі закінутай шахты ў Данецку. Там іх прымушаюць аддаваць камандзірам зарплату і выплаты за раненні (часам дзеля гэтага яны самі калечаць байцоў). Таксама камандаванне брыгады Кліменкі афармляла даверанасці і забірала сабе выплаты за смерць байцоў.
Па інфармацыі ТГ-канала «Досье шпіона», загінуў Кліменка так. Увечары 6 лістапада генерал разам з падначаленымі ехаў на матацыклах у горадзе Краснагораўка Данецкай вобласці, які ў верасні быў акупаваны Расіяй.
Калону разбілі пры дапамозе FPV-дронаў. Кліменка атрымаў цяжкія траўмы галавы і быў тэрмінова адпраўлены ў цэнтр траўматалогіі ў Данецку, але праз некалькі гадзін памёр.
Кліменка стаў 13-м расійскім генералам, пра чыю смерць паведамлялася з лютага 2022 года. Расійскія ўлады пацвердзілі восем з іх.