Праўладны палітолаг заявіў, што Польшча робіць з Беларусі ворага, бо ў яе няма касманаўтаў

У эфіры АНТ тэлеперсанажы абмяркоўвалі сусветныя навіны. У прыватнасці, выбары ў Малдове і ЗША, а таксама пачатак будавання палякамі «Усходняга шчыту» на мяжы з Беларуссю і Польшчай. 

07.11.2024 / 19:39

Аляксандр Маркевіч, скрыншот з праграмы. 

У кантэксце адносін Беларусі і Польшчы загадчык кафедры дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання Аляксандр Маркевіч паспрабаваў патлумачыць прыдуманую ў студыі тэорыю пра тое, што ў Польшчы робяць з Беларусі ворага.

Маркевіч упэўнены, што да пачатку вайны ва Украіне Польшча жыла за кошт еўрапейскіх датацый, а пасля стала «квазідзяржавай ЗША», якія рэалізуюць польскую палітыку. 

Пасля ён прыйшоў да парадаксальнай высновы, што пасля ўрэгулявання ці заканчэння вайны ва Украіне «Польшча будзе наступнай». Таму там актыўна праводзяць пераўзбраенне, а эканоміка развіваецца ў тым ліку за кошт заходніх крэдытаў. 

Кульмінацыяй разваг Аляксандра Маркевіча стаў адказ на пытанне, чаму Беларусь — вораг для заходняй суседкі. Сам палітолаг бачыць адказ у тым, што палякам нібыта няма чым пахваліцца. 

«Якія дасягненні ёсць у Польшчы ў глабальным плане? Так, у эканоміцы яна пакуль яшчэ трымаецца. А якія дасягненні? Беларусь пабудавала атамную станцыю, а Польшча толькі збіраецца. Польскія касманаўты ёсць? Ёсць Міраслаў Гермашэўскі. Але гэта яшчэ сацыялістычная Польшча. Мы ў космас паляцелі. ІТ-тэхналогіі развіваюцца. Чым ім глабальна ганарыцца? Тым, што ўкраінскіх бежанцаў прымаюць, а цяпер выкідваюць. Вось і ўсё, таму рэальных дасягненняў няма. Патрэбен вобраз ворага», — заявіў тэлеперсанаж. 

ВУП Польшчы ў 2023 годзе склаў 811 мільярдаў даляраў, Беларусі — 72 мільярды. Сярэдні заробак у Польшчы складае больш за 1800 даляраў, у Беларусі — 700. 

Nashaniva.com