Жыхара Масквы асудзілі на 13 гадоў за данат украінцам на 50 еўра

Маскоўскі гарадскі суд прысудзіў 34-гадовага Аляксандра Крайчыка да 13 гадоў калоніі строгага рэжыму па справе аб дзяржаўнай здрадзе (артыкул 275 КК). Прысуд Крайчыку абвясцілі 1 лістапада, піша Медыязона.

07.11.2024 / 11:17

Па версіі следства ФСБ, 26 лютага 2022 года, праз два дні пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, Крайчык ахвяраваў 50 еўра на рахунак у Deutsche Bundesbank, адкрыты для збору грошай у падтрымку арміі Украіны.

Пераслед Крайчыка пачаўся ў красавіку мінулага года, калі да яго на працу прыйшлі супрацоўнікі ФСБ, якія канфіскавалі ягоны тэлефон. Пазней мужчыну затрымалі, калі ён паспрабаваў паляцець у Стамбул, і арыштавалі на пяць сутак па артыкуле аб дробным хуліганстве.

Затым Крайчыку яшчэ тры разы запар прызначылі арышты па пратаколах аб хуліганстве і непадпарадкаванні паліцэйскаму (частка 1 артыкула 19.3 КаАП). Пасля заканчэння тэрміну апошняга арышту яго затрымалі і павезлі ў невядомым кірунку.

У чэрвені стала вядома, што Крайчыка змясцілі ў следчы ізалятар у Пермі ўжо па крымінальнай справе аб дзяржаўнай здрадзе.

Nashaniva.com