«У памежніцы палезла ўверх брыво, калі яна сканавала мой пашпарт». Беларуска з'ездзіла дадому і трапіла на «гутарку» ў КДБ

Ірына (імя змененае) з 2022 года жыве ў Літве. У Беларусі яна не была больш за год і на днях вырашыла з'ездзіць на тры дні — наведаць вельмі хворага бацьку, а заадно схадзіць да натарыуса. А наступным днём яе выклікалі ў КДБ. Дзяўчына падзялілася з Белсатам сваёй гісторыяй, каб папярэдзіць тых, хто хоча паехаць у Беларусь на вялікія выходныя: гэтая паездка можа каштаваць вам вельмі дорага.

07.11.2024 / 09:31

— Я рашыла перад паездкаю не купляць новы тэлефон і не браць кнопкавы, бо гэта выглядала б, на маю думку, яшчэ больш падазрона. Узяла свой мабільны, але перад ад'ездам пачысціла «да рыпання» (хоць ужо пасля зразумела, што пра архіў гісторый у інстаграме забылася).

У беларускай памежніцы на мяжы палезла ўверх брыво, калі яна сканавала мой пашпарт.

А ўлічваючы, што напярэдадні выбараў у сілавікоў «чэс» і абсалютна да ўсіх маіх знаёмых у Мінску ўжо прыходзілі, я падумала, што мне вось цяпер дадуць позву.

Але пераход мяжы прайшоў без праблем, а вось на наступны дзень Ірыне патэлефанавалі з просьбаю пад'ехаць «для гутаркі наконт данатаў».

І дадалі: «Калі хочаце паслязаўтра з'ехаць з Беларусі, настойліва раім заўтра нас наведаць».

— Той, хто тэлефанаваў, быў ветлівым, папрасіў узяць з сабою пашпарт і выпіску з банку. Я адказала, што фізічна гэтага не паспею да раніцы зрабіць, і нават не памятаю, калі гэтым банкам апошні раз карысталася. Тады пагадзіліся прыняць мяне без выпіскі, сказалі, што мая картка ўсё роўна скончылася. Наколькі я зразумела, выпіска з банку — іхны адзіны доказ, што ты данаціў, бо прызначэнне плацяжу Facebook не паказвае. Але, зразумела, тут нікому няма справы да доказаў.

Усю ноч Ірына не спала, думала пра сабаку, які застаўся ў Вільні, свае данаты і тое, што цяпер ёй можа свяціць. Раніцаю папярэдзіла сябровак, куды ідзе, напісала нумары тэлефонаў на паперцы — на выпадак, калі ейны мабільны забяруць, і пайшла ў той самы сумна вядомы будынак КДБ на праспекце Незалежнасці.

— Унутры гэта сапраўдны лабірынт у стылі 80-х: вакол савецкае ламачча, страшныя кабінеты з пашарпанаю мэбляю. Праўда, там ужо намячаецца глабальны рамонт: падазраю, на тыя самыя «дабрачынныя» грошы. У нейкі момант, калі мяне вялі за дзясяты паварот у чарговым калідоры, я падумала, што самастойна адтуль выбрацца будзе немагчыма.

Паводле дзяўчыны, у будынку кіпела жыццё: увесь час прыходзілі новыя людзі і садзіліся ў чаргу «на размову», адныя работнікі глядзелі рускія серыялы ў кабінеце, другія абмяркоўвалі нейкія плёткі.

З працаўнікоў, якія сустрэліся, — толькі хлопцы ўзростам максімум 30 гадоў у цывільным. Пасля шэрагу калідораў Ірына апынулася ў кабінеце з «добрым і дрэнным паліцыянтам».

— Той, што вёў са мною «гутарку», аказаўся цалкам адэкватным. Ну, наколькі гэта магчыма для працаўніка такой структуры. Перш за ўсё кадэбэшнік спытаў, ці не айцішніца я з Польшчы, і здзівіўся, што я простая менеджарка з Літвы. Потым спытаў: «Гутарка патрэбная ці і так усё зразумела?» І папрасіў не хвалявацца: маўляў, надоўга мяне тут не затрымаюць.

Далей пачалася лекцыя пра тое, што фонды салідарнасці ніякай справаздачы не падавалі, а грошы пайшлі кудысьці не туды. Ірыне далі надрукаваны ўзор «павінення», што трэба было перапісаць ад рукі. Таксама яна мусіла падпісаць пратакол выняцця тэлефона, у якім увесь гэты час капаўся ейны суразмоўца. Кадэбэшнік доўга спрабаваў усталяваць выдалены Facebook, але акаўнт аказаўся прывязаны не да пошты, а да літоўскага нумару тэлефона. Ніякіх пароляў ён не запытваў, таму абышлося праглядам фота і месенджараў і скрыншотам звестак тэлефона.

— Хацелася сказаць на ўсю гэтую пропаведзь «вы ўсе вырадкі» і спытаць, ці зробіць справаздачу перада мною дзіцячы фонд, у які я мушу зараз пераводзіць грошы. Але я толькі ківала.

Пасля падпісала паперку, што «паддаўшыся эмоцыям, была ўведзеная ў зман непраўдзіваю рэкламаю датычна фонду» і заданаціла туды 10 долараў. Мне сказалі, што калі я не злосны парушальнік, то заплачу мінімум — 50-кратны памер. А для тых, хто данаціў больш за 50 долараў і не аднойчы, у іх «зусім іншыя каэфіцыенты».

Паскардзіўся, што шмат людзей данацілі, але, маўляў, «мы знойдзем усіх». І яшчэ параіў мне не пералічваць грошы на дапамогу Украіне ці Ізраілю.

Дзяўчыну папрасілі аплаціць 500 долараў «на дабрачыннасць» дзіцячаму фонду і прынесці квітанцыю на наступны дзень, а пасля гэтага можна будзе «спакойна з’язджаць». І ўвогуле, квітанцыю можа прынесці іншая асоба. Галоўнае — знайсці такога ахвотніка.

— На развітанне я спытала, што было б, калі б мне патэлефанавалі не ў Мінску, а ў чарзе на мяжы на выезд. Хлопец адказаў, што не знялі б з рэйса, а чакалі наступнага прыезду. І наогул, на мяне там не глядзелі, як на ворага народу. Падобна, мы абодва разумелі, што гуляем свае ролі, хоць можна было абысціся простым «гані бабкі за індульгенцыю — і валі». Але гэта мне вельмі пашанцавала з кадэбэшнікам: калі б гутарку вёў той гарлан, усё магло б скончыцца куды горш. Так што абышлася я лёгкім спалохам. Толькі калі выйшла, на мяне накацілі слёзы і пачалі трэсціся рукі.

У банку аднаго з мінскіх спальнікаў ніхто не здзівіўся такому пераводу «на дабрачыннасць». Зрэшты, пра маштабы куплі «індульгенцый» больш гаварыла колькасць квітанцый аб аплаце.

— Калі я раніцаю вярнулася, каб пакласці квітанцыю, налічыла ў тэчцы больш за дзясятак сённяшніх аплат. Нядрэнна яны грашыма накасілі ўсяго за пару гадзінаў! І добра, калі б гэтыя грошы рэальна дзецям пайшлі, але нешта мне падказвае, што з такою колькасцю квітанцыяў ужо можна было б тры хоспісы пабудаваць у Мінску.

Наступным днём Ірына з’ехала і мяркуе, што вернецца толькі на пахаванне — з бацькам усё вельмі дрэнна. А пасля ўжо і сэнс прападзе: сяброў у Беларусі амаль не засталося, а адчуванне дому за тры гады пераехала разам з ёю.

— Прагуляўшыся па родным Мінску, я зразумела, што ўнутры мяне ўжо нічога не ёкае. Няма адчування, што я дома. Я іду і думаю: хутчэй бы з'ехаць адсюль дадому, у Вільню, да свайго сабакі. Я нават не знайшла, што з сабою прывезці: мне адсюль нічога не трэба, я ні па чым не сумую. Памятаю, калі мяне на зваротным шляху мытнік спытаў, куды я еду, я без ваганняў сказала: «Дадому!»

Nashaniva.com