Беларусу, які хацеў падарваць расійскага вайскоўца ў Крыме, прысудзілі 14 гадоў зняволення
На мінулым тыдні Джанкойскі раённы суд акупаванага Крыма прысудзіў грамадзяніну Украіны і Беларусі Вячаславу Піскунову 14 гадоў калоніі строгага рэжыму і вялікі штраф — больш за 6000 даляраў. Мужчыну абвінавацілі ў няўдалай спробе падарваць расійскага вайскоўца ва ўласным аўтамабілі, піша «Еўрарадыё».
06.11.2024 / 21:18
Вячаслаў Піскуноў, фота з базы «Кіберпартызанаў». Калаж: «Наша Ніва»
Пра затрыманне Піскунова стала вядома год таму, у кастрычніку 2023 года.
61-гадовага мужчыну затрымалі ў Севастопалі. Як піша «Коммерсант», яго падазравалі ў арганізацыі замаху на тэхніку групы рэгламенту і рамонту тэхнічна-эксплуатацыйнай вайсковай часткі ВКС у Джанкоі.
Паведамляецца, быццам на допыце Піскуноў прызнаўся, што яго завербавалі супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны. Ён нібыта сабраў выбуховае прыстасаванне магутнасцю да 0,5 кг трацілу і паставіў яго пад Chevrolet Aveo вайскоўца. Выбух адбыўся, калі ў машыне нікога не было. У доме непадалёк на першым паверсе ад выбуху выбіла шыбы.
Расійскія сілавікі заявілі, быццам падчас ператрусу знайшлі ў Піскунова зброю і боепрыпасы: электрадэтанатары, двухкілаграмовы зарад на аснове гексагена, наган, самаробны пісталет-кулямёт і паўтары сотні розных патронаў.
Таксама паведамляецца, што падчас следства Піскуноў заявіў, нібыта СБУ даручыла яму падарваць чыгунку ў раёне Мекензіевых гор пад Севастопалем. Зрабіць гэта ён не паспеў.
На судзе Піскуноў прызнаў віну і заявіў, што куратары нібыта СБУ пагражалі жыццю і здароўю яго дзяцей, якія знаходзяцца за мяжой.
Хто той беларус, якога затрымалі за падрыў машыны ў Крыме