У Мінску адкрылі новы вялікі басейн, пабудаваны кітайцамі
Галоўная чаша басейна мае даўжыню 50 метраў, але ён можа пры патрэбе трансфармавацца і ў два 25-метровыя. Паведамляецца, што аб'ект быў пабудаваны «ў рамках гуманітарнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая».
06.11.2024 / 18:34
Фота: «Анлайнер»
Сам комплекс падзелены на дзве часткі: для спаборніцтваў і грамадскую. У першым блоку два басейны па 50 метраў: плавальны і скачковы. Трыбуны будуць змяшчаць больш за 6 тысяч гледачоў. У басейне будуць трэніравацца зборныя краіны па водных відах спорту: плаванні, водным пола, сінхронным плаванні, а таксама па скачках у ваду.
Чашы басейнаў абсталяваныя падводнымі камерамі на дне, каб трэнеры маглі сачыць за тэхнікай спартсменаў.
Акрамя таго, тут ёсць камфортныя залы для сухой падрыхтоўкі, аднаўленчы цэнтр, гідракабінет для аднаўлення, пункт грамадскага харчавання, пакоі адпачынку.
У спарткомплексе ўсё аўтаматызавана.
Паведамляецца, што гэта першы ў Беларусі басейн, які цалкам адпавядае міжнародным стандартам.
Размяшчаецца басейн на вуліцы Кальварыйскай, а пачалі яго будаваць у красавіку 2020 года на месцы знесеных двухпавярховых дамоў і друкарні «Чырвоная зорка». Сродкі з дзяржбюджэту вылучаліся толькі на падрыхтоўку пляцоўкі да будаўніцтва. Кітайскі ж бок узяў на сябе абавязацельствы не толькі па будаўніцтве басейна, але і па абслугоўванні аб'екта на працягу двух гадоў пасля ўводу ў эксплуатацыю.
Адкрываць басейн прыязджаў сам Лукашэнка, гэта відавочна частка ягонай перадвыбарчай кампаніі. У сваім выступленні ён адзначыў ролю кітайцаў у пабудове гэтага аб'екта і заявіў пра неабходнасць прадумвання «пракітайскай кампазіцыі каля стадыёна».
На беразе Нарачы з'явіліся «касмічныя» купалы з усімі выгодамі. Што гэта за дзіва?
У Мінску прадаюць дом з басейнам з падагрэвам і гаражом унутры ды манументальнай лесвіцай