Кіраўнікам дзяржаўных газет у Беларусі плацяць максімальна магчымы заробак
Памер акладу кіраўнікоў буйнейшых праўладных СМІ разлічваюць зыходзячы з максімальнай для гэтай катэгорыі работнікаў тарыфнай стаўкі 18-га разраду, заўважыў «Позірк».
06.11.2024 / 10:04
Памер акладу кіраўнікоў установы Адміністрацыі прэзідэнта «Выдавецкі дом «Беларусь сёння», рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом «Звязда», рэдакцыйна-выдавецкай установы «Культура і мастацтва» разлічваецца зыходзячы з максімальна магчымай для гэтай катэгорыі работнікаў тарыфнай стаўкі 18-га разраду.
Гэта вынікае з апублікаванай 5 лістапада Нацыянальным прававым інтэрнэт-парталам пастановы Міністэрства інфармацыі ад 17 кастрычніка № 14.
Такая ж стаўка прымяняецца для кіраўнікоў дзяржаўнай установы «Вайсковае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь «Ваяр».
Аклады галоўных рэдактараў іншых дзяржаўных СМІ разлічваюцца па тарыфных стаўках ад 13-га (заснавальнікі — іншыя арганізацыі) да 17-га (заснавальнікі — рэспубліканскія органы дзяржкіравання) разраду. Прамежкавымі звёнамі з’яўляюцца кіраўнікі СМІ, заснавальнікамі якіх з’яўляюцца выканкамы і саветы дэпутатаў рознага ўзроўню.
Згодна з формулай, якая ўжываецца, памер акладу такім служачым вылічваецца шляхам множання базавай стаўкі (з 1 верасня 2024 года 253 рублі) на адпаведны каэфіцыент (ад 2,17 для 13-га разраду да 3,0 для 18-га).
Пры гэтым заработная плата акрамя акладу ўключае ў сябе кампенсацыйныя выплаты (даплаты за асаблівыя ўмовы працы, звышурочныя работы, вучоныя ступені і інш.) і стымулюючыя выплаты (прэміі, надбаўкі за стаж і іншыя надбаўкі).