Іншаземец хацеў абдурыць беларуску, завабіўшы шчодрым падарункам. Але нешта пайшло не так
З жыхаркай Слуцка ў тыктоку звязаўся мужчына, а праз некаторы час яна ледзь не страціла грошы. Жанчына расказала сваю гісторыю выданню SlutskGorod.
05.11.2024 / 19:33
Алекс, які прадставіўся амерыканцам са Швейцарыі, напісаў беларусцы ў тыктоку, пабачыўшы яе фота. Пасля яны працягнулі камунікацыю ў WhatsApp, і гэта заняло нямала часу. Пры гэтым мужчына пазбягаў галасавых паведамленняў і прасіў яму пісаць, бо, маўляў, цяпер заняты і адкажа пазней. Для перапіскі ён выкарыстоўваў аўтаматычны перакладчык.
Як звычайна вядзецца ў такіх выпадках, іншаземец спрабаваў увайсці ў давер да жанчыны. Ён расказваў, што страціў жонку, адзін выхоўвае двух дзяцей і хацеў бы знайсці спадарожніцу для жыцця. Прысылаў нават фатаграфіі з дзецьмі, а таксама відэа з крамаў, у якіх нібыта выбірае беларусцы падарункі.
Урэшце аднойчы мужчына паведаміў, што нібыта адправіў жанчыне шчодры падарунак. Скрынку з кветкамі і каштоўнасцямі, а таксама наяўнымі грашыма на суму 35 тысяч даляраў случчанка павінна была забраць у аэрапорце «Мінск», але не проста так, а заплаціўшы 2 тысячы рублёў. Бо, маўляў, заходнія транспартныя кампаніі цяпер не працуюць з Беларуссю, і ўвогуле надта ж складаная схема дастаўкі.
На шчасце, такіх грошай у беларускі не было, і гэта ўратавала яе ад іх страты. Не натхнілі яе і прапанавы пазычыць грошы ці ўзяць крэдыт, бо, маўляў, з грошай у скрынцы жанчына пасля без праблем верне пазыку.
Пасля роздумаў беларуска вырашыла ўсё ж патэлефанаваць у аэрапорт, дзе ёй адказалі, што гэта махлярства, а падобных схем па перадачы пасылак увогуле няма ў прыродзе і не можа быць.
Калі жанчына сказала пра гэта «шчодраму» іншаземцу, той усё адно працягваў ёй пісаць, прапануючы перавесці «хоць колькі», каб усё ж такі «забраць пасылку». Гэта падштурхнула беларуску апублічыць гісторыю, каб папярэдзіць іншых.
«Не знаёмцеся ў тыктоку і не пераводзьце нікому грошы!», — напісала яна.
Пенсіянер адправіў 18 тысяч рублёў дзяўчыне, а гэта аказаўся хлопец
Гамяльчанка пад пагрозай абвінавачванняў у «экстрэмізме» аддала ашуканцам 124 тысячы рублёў
Махляры прыдумалі новы спосаб крадзяжу акаўнтаў у Telegram