Мінскаму бізнэсмену Саўрыцкаму і ягонай сям'і пагражае па 12 гадоў за «распальванне варожасці»

Генадзь Саўрыцкі яшчэ з 90-х узначальвае прадпрыемства па вытворчасці пенапласту ў Мінску. Яго судзяць разам з жонкай і малодшай дачкой.

05.11.2024 / 21:53

З левага боку Ірына і Генадзь Саўрыцкія, з правага іх дачка Віялета Вярбіцкая

Па звестках праекта Digital intelligence team, Генадзю Саўрыцкаму 61 год. Ён родам з Мінска. Ягоны бізнэс — гэта ААТ «Анастан», буйная кампанія, якая займаецца вытворчасцю пенапласту. Вытворчасць знаходзіцца ў Смалявіцкім раёне, а сама кампанія базуецца ў Мінску.

Ягонай жонцы Ірыне 58 гадоў. Яна таксама родам з Мінска. Працавала спецыялістам па продажах, а пасля менеджарам у «Анастане».

У сям'і дзве дачкі. Адна з іх, Віялета, у адной справе з бацькамі. Ёй 23 гады. Яна скончыла школу ў Мінску, пасля паступіла ў Варшаўскую акадэмію мастацтваў. Дзяўчына захапляецца фатаграфіяй і любіць падарожжы. 

А тры гады таму выйшла замуж і змяніла прозвішча. Пара праславілася тым, што яе муж, колішні футбаліст Фёдар Вярбіцкі, зрабіў ёй прапанову проста на стадыёне падчас заканчэння гульні.

Момант прапановы падчас матча «Дынама-Мінск» — «Гарадзея» 25 ліпеня 2020 года. Фота са старонкі Укантакце Віялеты Вярбіцкай

Суд над сям'ёй пачнецца 13 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе. Іх абвінавачваюць у «распальванні варажнечы» (ч. 3 арт. 130 КК). Ім пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Акалічнасці справы невядомыя, як і сутнасць абвінавачання.

Судзіць сям'ю Саўрыцкіх будзе Міхаіл Макарэвіч. Ён прысудзіў толькі па вядомых адміністрацыйных справах каля 1800 сутак арышту і 29 000 рублёў штрафаў. Таксама асудзіў людзей больш чым па 30 палітычных крыміналках. Раней працаваў у Следчым камітэце.

Міхаіл Макарэвіч. Фота: тэлеграм-канал «Дзікае паляванне»

Шматдзетную маці, чый сын — палітвязень, судзяць па крымінальнай справе. Ёй пагражае да 7 гадоў

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Мінскаму фатографу пагражае да пяці гадоў калоніі за «фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання»

Nashaniva.com