Мінская дызайнерка расказала, як яе зачараваў, а пасля падмануў былы муж і тата двайнят

Былая дызайнерка, а цяпер папулярная блогерка і шматдзетная мама Наталля Поткіна расказала пра бацьку яе малодшых блізнят.

05.11.2024 / 20:20

Наталля Поткіна. Тут і далей фота з яе інстаграма

Наталля падзялілася гісторыяй у інстаграме. Яна расказала, што пасля першага няўдалага шлюбу (ад яго ў жанчыны засталося двое дзетак), яе моцна штарміла: то хацелася хутчэй зноў збегаць у ЗАГС, то здавалася, што сур’ёзныя адносіны больш не патрэбныя.

І вось у такі момант пачаліся праблемы ў фірме таты Наталлі:

— Даўгі, крэдыты, а я на той фірме была сузаснавальнікам. Фармальным — многія бацькі афармляюць так, каб усё было ў сям'і. Я пачынаю ўнікаць у працу будоўлі. Быў перыяд, калі я кіравала бетонным заводам. А хто, калі не я? Вельмі хацелася дапамагчы бацькам не страціць бізнэс і вылезці з даўгоў.

Але выратаваць завод не атрымалася — ён стаў банкрутам. Наталля сцвярджае, што, нягледзячы на няўдачу, атрымала каласальны вопыт. У той жа час муж сяброўкі запрасіў Наталлю кіраваць яго бізнэсам — вытворчасцю тканіны, а яшчэ адкрыць краму.

Яна адкрыла не толькі краму, але і атэлье, у якім шыла адзенне для беларускіх зорак. Раптам сябар-партнёр вырашыў спыніць інвестыцыі:

— Тады я дамовілася з ім, што ён у кошт доўгу дае мне абсталяванне. Атэлье працягнула працаваць ужо ў маёй уласнасці.

Канец 2016 — пачатак 2017 года былі даволі складанымі для Наталлі. Яна хадзіла ў суды праз даўгі бацькоўскай фірмы, спрабавала выбіць грошы з былога партнёра-працадаўцы (жанчына кажа, што тады яго іншыя фірмы ўжо былі арыштаваныя, а ёй як былой дырэктарцы трэба было вырашыць пытанні з нявыплачанымі заробкамі супрацоўнікаў). У дадатак да гэтых складанасцяў, у жанчыны не атрымоўвалася здаць зноў кватэру, каб мець сталы прыбытак, а таксама прадаць гараж.

З’явіліся праблемы са старэйшым сынам, які пачаў курыць. А былы муж крыўдзіўся праз тое, што Наталля «не так» выхоўвае дзіця.

Але ж знешне жанчына рабіла выгляд, што ў яе жыцці ўсё цудоўна: хадзіла на свецкія вечарыны і посціла ў сацыяльных сетках шчаслівыя фота.

І вось раптам у інтэрнэце з’явіўся віртуальны прыхільнік, які рабіў Наталлі кампліменты і маральна падтрымліваў. Пра сябе мужчына распавёў, што фермер, даслаў відэа, як корміць коз, кароў ды свіней.

Кавалер вёў сябе даволі рашуча і аднойчы наўпрост напісаў, што сёння вядзе Наталлю і яе старэйшага сына на рэп-канцэрт. А ранкам прыехаў з двума вялікімі букетамі кветак і вучыў сына Наталлі віншаваць маці з 8 Сакавіка.

Падзеі развіваліся хутка. Праз некалькі тыдняў джэнтльмен прызнаўся, што яму вельмі падабаецца Наталля, ён хоча быць з ёй, гадаваць яе дзяцей, а яшчэ нарадзіць новых.

Наталля спачатку не купілася на ўсё гэта, бо надта дзіўна ўсё выглядала. Але перапіску працягнула і перыядычна скардзілася на тое, як ёй складана ўсё цягнуць. Зноў мужчына павёў сябе як рыцар — паведаміў, што дапаможа вырашыць праблемы Наталлі. І сапраўды знайшоў агента, які хутка прадаў гараж, дапамог здаць у арэнду не толькі вольную кватэру Наталлі, але яшчэ і лецішча — дзякуючы гэтаму ў жанчыны з’явіліся грошы. Рыцар пасябраваў і з сынам і дачкой каханай.

Прапанова рукі і сэрца не прымусіла сябе чакаць. Мужчына падарыў Наталлі пярсцёнак, які, па яго словах, замовіў у ювеліра.

— Сказаў: давай рабіць дзяцей. А ў мяне ж план на жыццё — 4 дзіцяці (два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі). А мне ўжо 35! Ну чаго я ламаюся? Далей ён сказаў, што дапаможа зрабіць з мяне зорку ютуба. Знайшоў відэографа, прыдумаў тэму канала «Школа моды Наталлі Поткінай».

З бацькамі Наталлі мужчына таксама пасябраваў. Калі пара прыязджала да мамы і таты, ён адразу браўся за якую-небудзь традыцыйную мужчынскую працу. А яшчэ смачна гатаваў і карміў усю сям’ю шашлыкамі.

Быў адзін нюанс: каханы чамусьці не знаёміў яе са сваёй сям’ёй, хоць рэгулярна паказваў здымкі не толькі бацькоў, але і брата з сястрой, іх дзяцей. Таксама мужчына дэманстраваў фоты свайго дома, але ж не прапаноўваў адпачыць там летам. Перыядычна ездзіў на ферму, вяртаўся з прысмакамі, а вось грошай пры гэтым прывозіў няшмат.

Тут Наталля даведалася, што цяжарная — і чакае адразу двух дзетак. Ужо на 11 тыдні пачаліся складанасці — жанчына трапіла ў бальніцу, каб захаваць двайнятак.

Грошай у сям’і станавілася ўсё менш і менш. Наталля здзіўлялася, што няма арэнднай платы за кватэру і лецішча — каханы сцвярджаў, што там у людзей праблемы і трэба проста пачакаць. Пры гэтым ён займаўся і атэлье Поткінай. Справы там ішлі не лепшым чынам: збіраўся доўг за арэнду, на зарплаты швачкам не было фінансаў і тыя проста прыходзілі на працоўнае месца, каб шыць уласныя замовы.

Але ж калі Наталля ў чарговы раз трапіла ў бальніцу, мужчына знянацку падарыў ёй машыну — BMW была старэйшая за ўладальніцу.

— Я нічога не разумела — адкуль грошы? Калі я проста выпрошваю на нейкія таблеткі…

Напачатку 2018 года пара распісалася ў ЗАГСе — свята не рабілі, блізкіх не запрашалі, а літаральна праз некалькі дзён Наталля нарадзіла на 31-м тыдні цяжарнасці. Немаўляты радзіліся неданошанымі, і на тое, каб іх здароўе палепшала, пайшло шмат часу і сілаў.

Адносіны станавіліся ўсё больш складанымі, фінансаў не хапала. Але ж на дзень нараджэння Наталлі ў сакавіку муж вырашыў зрабіць для яе вечарыну — сам прыгатаваў шмат ежы, запрасіў сяброў жонкі. Скончылася ўсё сумна: жанчына заўважыла, што зніклі яе залатыя ўпрыгожванні. Прыйшлося выклікаць міліцыю, а сябры потым яшчэ доўга хадзілі на допыты.

А потым пачала ўсплываць непрыемная праўда. Са слоў Наталлі, высветлілася, што арандатары кватэры і лецішча рэгулярна плацілі яе каханаму. Калі ён прывёз яе быццам бы ў свой дом, жанчына зразумела, што насамрэч гэта міні-гатэль: у пакоях аднолькавы рамонт, а на дзвярах нумары. Фермай муж называў пустыя палі (потым Наталля даведалася, што яму сапраўды выдзелілі зямлю, але планавалі забраць, бо мужчына ёй не займаўся — нічога не садзіў, ураджай не збіраў)…

А на камп’ютары мужы яна знайшла папку, у якой былі фота яе зніклых залатых упрыгожанняў, а таксама пазнака, колькі за якое ўдалося атрымаць.

З мужам Наталля разышлася, атэлье закрыла, а абсталяванне пачала прадаваць, каб разабрацца з даўгамі. Праз некалькі месяцаў следчы паклікаў яе на допыт — высветлілася, што на былога каханага завялі ўжо дзве крымінальныя справы за махлярства.

У адным выпадку, па словах Наталлі, муж абяцаў дапамагчы знаёмаму яе таты прадаць будаўнічую тэхніку: тэхніка сапраўды знікла, а грошы за яе так і не з’явіліся. У другім муж арандаваў у родным горадзе нейкі склад з абсталяваннем — і абсталяванне таксама знікла невядома куды.

У выніку, сцвярджае Наталля, яе былому прысудзілі 6,5 года зняволення.

Валярына Кустава пра былога мужа: Калі скласці афіцыйныя пералікі ад яго на дзіця, то атрымаецца каля $1 на дзень

Магілёвец з рэўнасці апублікаваў у дамавым чаце інтымнае фота сваёй жонкі

Марына Ментусава расказала пра разрыў з мужчынам. Прычына вас здзівіць

Бягуха Ціманоўская гатовая судзіцца з былым мужам за 33000 даляраў і пагражае пазбавіць яго грамадзянства

Nashaniva.com