Украінскай арміі пагражае новы кацёл у Данецкай вобласці — Bild

Каб не трапіць, трэба будзе адступіць з 20 населеных пунктаў.

05.11.2024 / 15:58

На мінулым тыдні экспэрт Bild у аналізе адкрытых звестак Юльян Ропке паведаміў, што расійскія войскі выйшлі з паўночнага ўсходу да берагоў Курахоўскага вадасховішча ў Данецкай вобласці.

Адначасова яны прасоўваюцца да яго з паўднёвага захаду з боку Угледара. З-за гэтага над УСУ навісла пагроза траплення ў кацёл вакол горада Курахава, калі яны не адступяць.

«Расійская армія захапіла сяло Максімаўка ў Данецкай вобласці. Паколькі ва Украіны не хапае рэзерваў і другой лініі абароны ў гэтым раёне, прасоўванне расейцаў застаецца на ўзроўні блізу 2 км за дзень і стварае пагрозу яшчэ аднаго катла.

Украінская армія, хутчэй за ўсё, пазбегне гэтай пагрозы шляхам яшчэ аднаго маштабнага адступлення прыкладна з 20 населеных пунктаў на паўднёвы ўсход ад вёскі Андрэеўка», — піша Ропке.

Nashaniva.com