Тынкоўшчыцу з Мінскага раёна далі тры гады калоніі за адмаўленне генацыду беларускага народа

Таксама Андрэя Савіцкага абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі.

05.11.2024 / 13:52

Справа аб адмаўленні генацыду беларускага народа разглядалася ўпершыню, працэс праходзіў у Мінскім гарадскім судзе.

55-гадовага жыхара Мінскага раёна, Андрэя Савіцкага затрымалі ў лютым. Яго абвінавацілі ў тым, што ён стварыў групу ў «Аднакласніках», у якой нібыта пісаў абразлівыя тэксты на адрас Лукашэнкі «выключна ў сувязі з займанай ім пасадай і выкананымі службовымі абавязкамі».

Акрамя таго, як сказана ў матэрыялах справы, «22 сакавіка, у гадавіну трагедыі ў вёсцы Хатынь, Савіцкі ў спробах фальсіфікацыі падзей, вынікаў Другой сусветнай вайны і апраўдання злачынстваў нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, нацыяналістычных фарміраванняў у гады Вялікай Айчыннай вайны наўмысна сказіў абставіны масавага знішчэння 22 сакавіка 1943 года жыхароў Хатыні».

«22 сакавіка — трагедыя ў Хатыні. А наогул, ці праўда гэта ці нас хочуць пераканаць, што гэта справа рук немцаў…», — цытуе толькі частку таго паста «СБ».

Суд, як сцвярджаецца, даследаваў прысуд Міжнароднага ваеннага трыбунала, кнігу «Хатынь. Трагедыя і памяць», іншыя дакументы і прыйшоў да высновы, што Савіцкі наўмысна адмаўляў генацыд.

Мужчыну прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Nashaniva.com