Калі стануць вядомыя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША?

Амерыканцы сёння выбіраюць новага прэзідэнта. Калі выбарчыя ўчасткі ў дзень галасавання зачыняцца, чаканне вынікаў выбараў можа заняць некалькі гадзін, але таксама можа працягнуцца некалькі дзён ці нават тыдняў, піша Бі-бі-сі.

05.11.2024 / 08:44

Белы дом. Фота: Walter Bibikov / Getty Images

Кандыдат ад Дэмакратычнай партыі і дзейны віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Харыс і кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, апошнія тыдні перад галасаваннем ішлі, як кажуць, «нос у нос».

Па меры набліжэння да даты выбараў вынікі апытанняў у так званых хісткіх штатах паказвалі, што розніца ў падтрымцы з боку выбаршчыкаў Трампа і Харыс становіцца ўсё менш значнай.

Таму высокая верагоднасць таго, што перавага аднаго кандыдата над другім у некаторых штатах будзе настолькі невялікай, што спатрэбіцца пералік галасоў. Таксама магчыма, што ў гэтым годзе вынікі галасавання ў некаторых штатах — у тым ліку ў некалькіх хісткіх — будуць гатовы пазней з-за некаторых змяненняў у парадку правядзення галасавання, якія ўведзены яшчэ ў 2020 годзе.

У той жа час, у некаторых штатах — напрыклад, у Мічыгане — падлік галасоў, хутчэй за ўсё, будзе праходзіць хутчэй, чым чатыры гады таму. 

Гэта значыць, што існуе некалькі магчымых сцэнарыяў развіцця падзей: пераможцу аб'явяць ужо ў ноч пасля дня галасавання або раніцай 6 лістапада, ці праз некалькі дзён або нават тыдняў.

Выбары 2020 года праходзілі 3 лістапада, але імя пераможцы амерыканскія тэлекампаніі абвясцілі толькі раніцай 7 лістапада.

Тады большасць штатаў паведаміла пра вынікі галасавання на працягу 24 гадзін пасля закрыцця выбарчых участкаў. Аднак некалькі ключавых штатаў — у тым ліку Пенсільванія і Невада — абвясцілі свае вынікі пазней.

Пенсільванія, на якую прыпадае 19 галасоў выбаршчыкаў, па выніках апытанняў перад тымі выбарамі паказвала вялікую падтрымку дэмакратаў. Але толькі раніцай 7 лістапада, пасля падліку чарговай порцыі галасоў у штаце, стала зразумела, што перамогу ў Пенсільваніі атрымлівае Байдэн.

Першым вынікі выбараў абвясціў тэлеканал CNN, праз 15 хвілін імя пераможцы назвалі астатнія тэлеканалы.

У цэлым выбаршчыкі прызвычаіліся да таго, што імя наступнага прэзідэнта становіцца вядомым ужо ў ноч пасля дня галасавання або — у крайнім выпадку — раніцай на наступны дзень.

У 2016 годзе амерыканскія выбаршчыкі даведаліся, што прэзідэнтам на наступныя чатыры гады абраны Дональд Трамп, да трох гадзін ночы па Паўночнаамерыканскім усходнім часе (а восьмай раніцы па Мінску). Пра перамогу Барака Абамы на выбарах у 2012 годзе стала вядома познім вечарам у дзень галасавання.

Аднак у 2000 годзе, калі за прэзідэнцкае крэсла змагаліся рэспубліканец Джордж Буш-малодшы і дэмакрат Альберт Гор, імя пераможцы (Джорджа Буша) стала вядома толькі 12 снежня — то-бок амаль праз месяц і тыдзень пасля галасавання.

Тады розніца паміж колькасцю галасоў, адданых за кандыдатаў, была вельмі нязначнай. Фактычна, лёс выбараў вырашалі вынікі галасавання ў Фларыдзе. Пералік галасоў працягваўся да таго часу, пакуль 12 снежня Вярхоўны суд ЗША не пастанавіў спыніць пералік і прызнаць апошні падлік канчатковым.

Як вядзецца падлік галасоў?

Першымі выбарчыя ўчасткі зачыняцца а 18:00 па Паўночнаамерыканскім усходнім часе (гадзіна ночы па Мінску) у аўторак, а апошнімі — у 01:00 па Нью-Ёрку (8 раніца па Мінску) у сераду.

Аднак, як чакаецца, вынікі выбараў будуць залежаць ад вынікаў у сямі хісткіх штатах — Арызоне, Джорджыі, Мічыгане, Невадзе, Паўночнай Караліне, Пенсільваніі і Вісконсіне.

Апошнімі (у хісткіх штатах) зачыняцца выбарчыя ўчасткі ў Невадзе — у 22:00 па Нью-Ёрку (5-я раніцы па Мінску).

Першапачаткова звычайна вядзецца падлік галасоў з выбарчых участкаў у ЗША. Пасля гэтага ідзе падлік галасоў выбаршчыкаў, якія па розных прычынах удзельнічалі ў датэрміновым галасаванні.

Пасля гэтага скануюць бюлетэні, якія прыбылі з выбарчых участкаў за мяжой і з ваенных баз ЗША.

Падлік галасоў уключае праверку супадзення колькасці паданых бюлетэняў з колькасцю прагаласавалых выбаршчыкаў, а таксама праверку стану бюлетэняў — на прадмет плям і іншых пашкоджанняў. У выпадках выяўлення якіх-небудзь несупадзенняў праводзіцца праверка.

Падлік галасоў ажыццяўляецца так: бюлетэні прапускаюцца праз спецыяльныя сканеры, якія і падлічваюць колькасць галасоў. У некаторых выпадках можа спатрэбіцца падлік галасоў уручную.

У кожным штаце дзейнічаюць свае правілы, якія вызначаюць, хто можа ўдзельнічаць у падліку галасоў, а таксама парадак падліку і тое, на якіх этапах і якім чынам могуць за гэтым працэсам сачыць выбаршчыкі, у тым ліку і назіральнікі.

Што можа прывесці да доўгага чакання вынікаў выбараў?

Вельмі маленькая розніца паміж вынікамі двух кандыдатаў можа прывесці да падаўжэння чакання выніку выбараў.

У Пенсільваніі, напрыклад, пералік галасоў па ўсім штаце пачынаецца аўтаматычна, калі розніца паміж вынікамі двух кандыдатаў складае 0,5% галасоў. У 2020 годзе розніца паміж вынікамі Трампа і Байдэна ў гэтым штаце складала ўсяго 1,1%.

Іншымі фактарамі, якія могуць прывесці да больш працяглага чакання, могуць стаць якія-небудзь парушэнні, звязаныя з працай выбарчых участкаў, а таксама любыя перашкоды, уключаючы тэхнічныя, якія могуць узнікнуць пры падліку галасоў. Напрыклад, у Джорджыі ў 2020 годзе на адным з выбарчых участкаў у памяшканні, дзе знаходзіліся бюлетэні, прарвала водаправодную трубу, што прывяло да павелічэння часу падліку галасоў у штаце на некалькі гадзін.

Пасля таго як усе бюлетэні будуць падлічаныя і завершацца ўсе магчымыя пералікі галасоў, вынікі выбараў будуць пацверджаны — спачатку на ўзроўні штатаў, а затым — на дзяржаўным узроўні.

У апошні дзень выбарчай кампаніі Трамп і Харыс правялі мітынгі ў хісткіх штатах

Суд у ЗША не стаў забараняць палітычную латарэю Ілана Маска

Nashaniva.com