Грузінская апазіцыя анансавала пачатак штодзённых пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў
4 лістапада ў цэнтры Тбілісі, каля будынка парламента Грузіі грузінская апазіцыя правяла мітынг, з якога анансавала штодзённы пратэсны рух супраць праведзенай, з яе пункту гледжання, татальнай фальсіфікацыі вынікаў парламенцкіх выбараў 26 кастрычніка.
04.11.2024 / 22:25
Фота: AP Photo/Zurab Tsertsvadze
Арганізатарамі акцыі выступілі апазіцыйныя аб'яднанні «Кааліцыя за перамены», «Адзінства — нацыянальны рух» і «Моцная Грузія».
У фальсіфікацыях выбараў яны абвінавацілі кіроўную партыю «Грузінская мара» мільярдэра Бідзіны Іванішвілі, абвешчаную пераможцам на выбарах.
У мітынгу, па розных ацэнках, узялі ўдзел ад 10 да 15 тысяч чалавек. Падчас яго адзін з лідараў «Кааліцыі за перамены» Ніко Мелія абвясціў, што з сённяшняга дня акцыі будуць насіць штодзённы характар. Паводле яго слоў, акцыі маюць намер сфармаваць «адзін магутны пратэсны рух, які зрыне рэжым».
Фота: AP Photo/Zurab Tsertsvadze
Асноўныя патрабаванні і прынцыпы грузінскай апазіцыі на мітынгу агучыў адзін з лідараў партыі «Адзінства — нацыянальны рух» Георгій Вашадзэ:
- Непрызнанне выбараў і непрызнанне легітымнасці парламента;
- Патрабаванне прызначэння новых выбараў;
- Працяг збірання доказаў і падрыхтоўка дакументацыі для міжнароднага расследавання;
- Пачатак руху супраціву і разгортванне фронту супраціву спачатку ў Тбілісі, а затым па ўсёй Грузіі;
- Кожны наступны пратэст будзе ўсё больш вострым і арыентаваным на больш канкрэтныя мэты.
Пасля заканчэння мітынгу апазіцыянеры прайшліся па Тбілісі шэсцем і часова перакрылі аўтамабільны рух на мосце Бараташвілі ў цэнтры горада — гэта адна з галоўных транспартных артэрый грузінскай сталіцы. Паліцыя гэтым дзеянням не перашкаджала.
Заўтрашняя акцыя мае прайсці каля тбіліскага Палаца спорту.
Сярод удзельнікаў акцыі была заўважаная сусветна вядомая шведская экалагічная актывістка Грэта Тунберг, якая спецыяльна дзеля гэтага прыляцела ў Грузію.
Фота: AP Photo/Zurab Tsertsvadze
Парламенцкія выбары ў Грузіі прайшлі 26 кастрычніка. Паводле звестак грузінскага ЦВК, кіроўная партыя «Грузінская мара», якая нязменна знаходзіцца пры ўладзе з 2012 года, набрала 53,93% галасоў
Апазіцыйная партыя «Кааліцыя за перамены» набрала 11,03%, «Адзінства — нацыянальны рух» — 10,16%, «Моцная Грузія» — 8,81%, «Гахарыя — за Грузію» — 7,76%.
Апазіцыя не згодная з вынікамі галасавання. «Адзіны нацыянальны рух», «Кааліцыя за перамены» і «Моцная Грузія» заявілі, што не прызнаюць вынікі выбараў. Іх падтрымала прэзідэнтка Грузіі Саламе Зурабішвілі.
У Грузіі пачаліся пратэсты супраць вынікаў парламенцкіх выбараў
Прэзідэнтка Грузіі адмовілася прызнаваць вынікі выбараў у парламент
Чаму многія жыхары Грузіі, якая імкнецца ў ЕС, галасавалі за «Грузінскую мару»?
«Грузінская мара» перамагла на выбарах у Грузіі, апазіцыя заявіла пра масавыя фальсіфікацыі