Вароны памятаюць крыўду 17 гадоў
Адпаведна новаму даследаванню, вароны не проста памятаюць нанесеную ім крыўду, але і на працягу доўгіх гадоў помсцяць сваім крыўдзіцелям.
04.11.2024 / 18:17
Чорная варона. Фота: Wikimedia Commons
Як піша Daily Mail, эксперымент правёў вучоны-эколаг з Вашынгтонскага ўніверсітэта Джон Марцлаф. У 2006 годзе ён разам з калегамі ў пяці розных месцах Сіэтла злавіў ды акальцаваў па 7-15 варон. Перад тым, як гэта зрабіць, даследчыкі надзелі маскі. Пакуль птушкі былі ў няволі, іхнія суродзічы кружылі вакол участка і выдавалі трывожныя гукі.
У наступныя гады ён і яго памочнікі час ад часу надзявалі свае маскі і выходзілі на прагулку. Вароны пастаянна іх сустракалі крыкам, а часам і спрабавалі атакаваць. Калі ж даследчыкі надзявалі іншыя, нейтральныя маскі, то такой рэакцыі не назіралі.
Вучоныя спрабавалі падмануць варон, пераварочваючы маску дагары нагамі. Па іх словах, на кароткі момант вароны падаваліся збітымі з панталыку, але затым яны проста пераварочвалі галаву, ідэнтыфікавалі небяспеку і пачыналі біць трывогу.
З цягам часу колькасць варон, якія выказвалі агрэсіўнасць да людзей у небяспечных масках павялічвалася. Так, калі ў першы год трывожнасць праяўляла каля 30% варон, то за тры гады іх колькасць узрасла ўдвая. А ў 2013 годзе, як згадвае прафесар, яго атакавалі адразу 47 варон.
Такую вялікую колькасць вучоныя тлумачаць тым, што вароны могуць навучаць іншых, уключаючы і сваё патомства, распазнаваць і асцерагацца людзей, якія прадстаўляюць пагрозу.
Як адзначае Марцлаф, пасля піку атакуючых варон у 2013 годзе, іх колькасць зніжалася, але толькі ў 2023 годзе, праз 17 гадоў пасля пачатку эксперыменту, не было зарэгістравана ніводнага нападзення.
Гэта можа сведчыць пра тое, што памяць варон з цягам часу аслабляецца, і праз некалькі пакаленняў небяспека ўспрымаецца ўжо не так востра.
Папярэднія даследаванні паказалі, што вароны валодаюць высокай інтэлектуальнай здольнасцю, у тым ліку ўменнем выкарыстоўваць інструменты і нават лічыць да чатырох.
Аказваецца, вароны ўмеюць лічыць. Вось як навукоўцы зразумелі гэта
У Гомелі вароны ледзь не задзяўблі ястраба, яго ўратавалі людзі
Што рабіць чалавеку, калі яго атакуе варона?